Нецвярозага бабруйчаніна тры разы ратавалі з палаючага дома (фота)

Незвычайнае здарэнне адбылося 19 снежня на пажары ў Бабруйскім раёне, паведамляе прэс-служба МНС.

Пра пажар у пасёлку Туголіца ратавальнікам паведаміў мужчына каля 12-й гадзіны 19 снежня. Па яго словах, ён пабачыў агонь у кватэры на другім паверсе двухпавярховага дома.

Мужчына ведаў, што ў кватэры знаходзіцца гаспадар з госцем. Дзверы ў кватэру былі зачыненыя, таму мужчына выбіў іх. На падлозе ў кухні ён знайшоў гаспадара, а на ложку ў суседнім пакоі — госця. Абодвух мужчын ён вывеў на свежае паветра.

На свежым паветры госць, верагодна, ачомаўся і сышоў. А нецвярозы гаспадар надумаў вярнуцца ў палаючы дом. Зразумеўшы, што мужчына страціў каардынацыю, сусед зноў вывеў яго на вуліцу. Аднак пагарэлец і трэці раз вырашыў вярнуцца ў сваё жытло. На падлозе ў кватэры яго знайшлі ратавальнікі. Таксама яны эвакуявалі двух суседзяў з другога паверха дома.

Уладальніка палаючага жылля даставілі ў лякарню з папярэднім дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння, стан алкагольнага ап'янення".

Пажар пашкодзіў маёмасць на гаўбцы, сцены, столь і маёмасць у кватэры. Як мяркуецца, прычына пажару — неасцярожнасць пры паленні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі