Нехта патрабуе выдаліць з Youtube відэа, знятае ў КДБ ў 2010 годзе
На кадрах, зробленых уночы пасля Плошчы, Андрэй Дзмітрыеў распавядае пра добрую міліцыю, п’яных апазіцыянераў і разгон калоны Някляева.
Карыстальнікі Youtube, якія выклалі гэта відэа на сваіх каналах, атрымалі папярэджанні ад службы падтрымкі сервіса. У іх гаворыцца, што нехта падаў скаргу аб парушэнні канфідэнцыйнасці ў відэа, на якім Андрэй Дзмітрыеў з кампаніі “Гавары праўду” распавядае пра акалічнасці разгону калоны Уладзіміра Някляева ўвечары 19 снежня 2010 года.
У карыстальнікаў ёсць 48 гадзінаў, каб змяніць “асабістую інфармацыю ва ўказаным паведамленні ці выдаліць яе”. Калі гэта не адбудзецца, рашэнне па скарзе будзе прымаць каманда YouTube.
Хто менавіта патрабуе выдаліць відэа, адміністрацыя YouTube не паведамляе.
“Я не ведаю… Нават не ведаў пра такое, — адказвае Еўрарадыё Андрэй Дзмітрыеў на пытанне, ці не ён ініцыяваў выдаленне ролікаў. — Мабыць, нехта з каманды, там ёсць людзі. Я даведаюся, цікава”.
У лютым 2013 года Андрэй Дзмітрыеў прызнаўся, што рабіў прызнанні пасля Плошчы на відэакамеру, бо КДБ арыштаваў яго будучую жонку. Яго прызнанне дапамагло: дзяўчыну вызвалілі ўвечары пасля відэазапісу Дзмітрыева.