НХЛ забараніла прывозіць Кубак Стэнлі ў Беларусь і Расію
Нацыянальная хакейная ліга забараніла прывозіць Кубак Стэнлі ў Беларусь і Расію. За ганаровы трафей у фінальнай серыі змагаюцца "Каларада" і "Тампа". За гэтыя клубы выступаюць чацвёра расіян. Традыцыйна кожны гулец каманды-пераможцы атрымлівае Кубак Стэнлі ў сваё карыстанне на некалькі дзён.
"Мы ўжо апавясцілі абодва клубы аб тым, што Кубак Стэнлі не паедзе ў Расію ці ў Беларусь сёлета, — кажа намеснік камісара НХЛ Біл Дэйлі. — Магчыма, у будучыні мы дамо гульцам такую магчымасць".
Кубак Стэнлі ў ліпені 2004-га прывозіў у Беларусь расійскі брамнік "Тампы" Мікалай Хабібулін. Наша краіна — радзіма яго жонкі. Таксама Хабібуліну перадалі, што кубак хацеў пабачыць у Мінску Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.