NHS: У фольку перавагу маюць рытм і архетыпы свядомасці, рытуал, абрад

27 траўня ў Палацы рэспублікі малады фольк-джазавы гурт NHS дасць першы сольны канцэрт і прэзентуе першы альбому гурта. Аднойчы NHS проста так сабраліся ды й паехалі на маскоўскі джазавы фестываль, дзе выпадкова атрымалі запрашэнне адыграць сольны канцэрт на дзве гадзіны, сам гурт таксама стварыўся выпадкова, выпадкова нарадзілася і назва альбому. Здаецца, усё вакол гурта NHS раптоўна і выпадкова. Ці так гэта, Еўрарадыё даведалася ў Ірыны Катвіцкай, заснавальніцы і адной з вакалістак гурта.
“Блін, падалося нам, трэба ж дадаць сюды саксафон!”

ЕРБ: Ці праўда, што гурт NHS стварыўся раптоўна, калі ты заўважыла аб’яву аб нейкім фестывалі?

NHS: Так. Я пабачыла афішу канцэрту альтэрнатыўнай музыкі і вырашыла хуценька зрабіць хаця б адну песню. Праўда, я не ведала нікога, з кім бы гэта можна было зрабіць, апроч сваёй ўлюбёнай вучаніцы Насці. Тая адразу ж згадзілася. Што будзем спяваць? – падумалі мы. Абралі нейкую адну кампазіцыю і пачалі працаваць. Блін, падалося нам, трэба ж дадаць сюды саксафон! Дарэчы, саксафон таксама “знайшоўся” сярод маіх вучняў. Мы зрабілі песню, паказалі яе каардынатару фестывалю, таму спадабалася і ён спытаў, маўляў, а што яшчэ ў вас ёсць? Сказаць па праўдзе, у нас ні было анічога! Але як можна было ў гэтым прызнацца? Таму мы прыкінуліся, нібыта, так! Ёсць! Ёсць! У нас шмато яшчэ чаго ёсць! Ну што... зноўку выратаваў прыяцель, выкладчык ігры на кларнеце. Такім чынам мы і сабраліся.

ЕРБ: Ты памятаеш вашую самую першую песню? Ну, тую, што вы зрабілі для фестывалю?

NHS: Ага. Гэта была песня нявесты – “Зіначка”. Яна збіралася развітвацца са сваім домам і песня была вельмі сумная, таму мы дадалі да яе саксафон, каб падкрэсліць тугу нявесты і адчування сабе чужой у доме свякрові, чужой маткі.



“Самае галоўнае пачынаецца ў галаве, яшчэ задоўга да рэпетыцый”

ЕРБ: Ёсць такое меркаванне, што беларусы ўвогуле вясёлых песень не стваралі, і што нават “Лявоніха” была напісаная ад адчаю. Што скажаш на гэта?

NHS: Ведаеш, тыя крытэры, якія мы як сучасныя людзі намагаемся надаць фальклору – не працуюць у сістэме народнай музыкі, бо яна стваралася тысячы гадоў таму і была выключна функцыянальнай музыкай, якая мусіла презентаваць усе асноўныя сімвалы і коды рытуалаў. Таму словы “весела, сумна” і г.д. не пасуюць гэтай сістэме і не маюць да яе аніякага дачынення. Тут перавагу маюць рытм і архетыпы свядомасці, якія ніяк не звязаныя з эмоцыямі. Гэта перш за ўсё рытуал, абрад, мадэль паводзінаў. Напрыклад, перасоўванне чалавека з аднаго стану ў іншы (нараджэнне, смерць, вяселле), ці памежны стан (скажам, нявеста на выданне, якая яшчэ не стала жонкай).

ЕРБ: Ну так, беларуская музыка багатая на абрады, гэта праўда. А табе што найбольш блізкае? Якія абрады?

NHS: Я ж як музыка звяртаю ўвагу выключна на музыку (смяецца). Тэксты фальклорныя насамрэч маюць другаснае значэнне, тут найважнейшыя рытм і інтанацыі, і самымі прывабнымі інтанацыямі для мяне валодаюць абрады вяселля і веснавыя абрады, што заўсёды сімвалізуюць пачатак новага.

ЕРБ: З якім фальклорным матэрыялам працуе ваш гурт?

NHS: З большага, гэта матэрыял, які быў сабраны лепшымі беларускімі экспедытарамі яшчэ задоўга да нас. Усё, што мы выкарыстоўваем, мае аўтэнтычнае паходжанне.

ЕРБ: І як жа вы апрацоўваеце гэты аўтэнтычны матэрыял?

NHS: Бачыш, самае галоўнае пачынаецца ў галаве, яшчэ задоўга да рэпетыцый. Звычайна абрадавая музыка даволі вузкамеладычная. Я маю на ўвазе тое, што народныя спевы не “распетыя”, як мы прывыклі, і гэта цяжка слухаецца сёння. Вось разматаць з гэтага маленькага інтанацыйнага клубочку цэлую песню – і ёсць мая задача. Іншымі словамі, я спрабую дастаць з-пад інтанацыі песні ўсё яе багацце, абапіраючыся на слых, вопыт і музычнае мысленне чалавека ўрбаністычнага свету
.
Часам мы выкарыстоўваем дакладныя цытаты, а часам пераапрацоўваем мелодыю так дасканадала, што яе цяжка пазнаць.



“Запрашаю, каб мы маглі адаць вам прыгожую частку сваёй душы, каб наша музыка дала вам адчуванне прыгажосці свету, у якім мы жывем”

ЕРБ: Дык што для вас галоўнае? Захаваць аўтэнтыку спеваў, ці зрабіць беларускі фальклор максімальна зручным для вуха сучаснага чалавека?

NHS: Скажу, што мала, хто чуў аўтэнтычную беларускую ў арыгінале. Яна мае неверагодны ўплыў на падсвядомасць сучаснага чалавека! Тое, што сёння мы чуем на беларускай фольк-сцэне, гэта ўжо больш позняя традыцыя, але і гэта нам блізкае, таму што кожны з нас носіць коды і сімвалы сваёй культуры. Не будзем забывацца на тое, што мы з вамі жывем у мульцікультурным асяроддзі, таму спадзявацца на тое, што наш досвед не пакіне адбітак на нашым успрыманні музыкі, – гэта несур’ёзна. Я да таго, што мы імкнемся максімальна даступна распавесці пра беларускую музычную традыцыю як мага большай колькасці людзей, бо карані падтрымліваюць цывілізацыю. Натуральна, што да аўтэнтычнай музыкі дадаюцца нейкія нашыя прыватныя ўражанні. Менавіта таму мы і граем этна-джаз.

ЕРБ: Добра. Чаго ж чакаць ад гурта 27 мая на канцэрце?

NHS: Канцэртам мы прэзентуем наш першы альбом “700”, і гэта наш самы першы вялікі канцэрт у Мінску. Мы хацелі б прадэманстраваць новыя песні і свой новы музычны ўзровень.

ЕРБ: Што за песні вы выбралі для альбому “700” і чаму?

NHS: Ох, мы запісалі розныя абрадавыя песні з розных рэгіёнаў. Звычайна, даследчыкі фальклору вылучаюць толькі шэсць рэгіёнаў, але насамрэч іх значна больш. Бывае так, што чытаеш тэкст песні, а нічога не зразумела, пакуль па слоўніках не палазіш.
А што тычыцца “700”, то гэта цытата з аднайменнай песні. Нам з Насцяй вельмі падабаецца спяваць “семсот маладых сватоў, семсот. Сееееемсоот…” Прыходзце на канцэрт, паслухаеце! Я вас запрашаю, каб вы паслухалі нас, каб мы маглі адаць вам прыгожую частку сваёй душы, каб наша музыка дала вам новую чысціню, новыя эмоцыі і адчуванне прыгажосці свету, у якім мы жывем.











Тут можна пазнаёміцца з альбомам "700"

Фотаздымкі з афіцыйнага сайта гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі