Ніхто з голаду не памрэ: як чыноўніцы прапануюць беларусам вырашаць іх праблемы
Наталля Качанава, Ірына Касцевіч і Мар'яна Шчоткіна / Еўрарадыё
Гадамі беларусы скардзяцца на адны і тыя ж праблемы: нізкія заробкі, асабліва ў маладых спецыялістаў, мізэрная дапамога па беспрацоўі і невысокія пенсіі. Калі не лічыць IT-сектара, то высокаэфектыўныя рабочыя месцы ў асноўным так і застаюцца ў планах урада. У 2020 годзе беларусы яшчэ і масава сталі выказваць незадаволенасць уладай. Але ў беларускіх чыноўніц даўно ёсць рэцэпт пераадолення ўсіх складанасцяў.
Еўрарадыё паглядзела, як топ-чыноўніцы прапануюць людзям вырашаць іх праблемы. Аказалася, усё проста. Трэба не пратэставаць, завесці дзве працы і гадаваць дзяцей, каб дапамагалі на пенсіі.
Адной з самых дасведчаных дарадчыц, вядома, выступае старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У апошні час яна асабліва актыўна размаўляе з лекарамі, студэнтамі, журналістамі.
Чыноўніца часта кажа, што дыялогу на вуліцах не будзе, але для вырашэння спрэчных пытанняў прапануе часам дзіўныя варыянты.
"А навошта гэта асвятляць?"
Напрыклад, кажа, што журналістам няма чаго рабіць на акцыях пратэсту:
— Навошта вам гэта? Я не хаджу на гэтыя акцыі, але што вы ходзіце на іх?.. А навошта гэта асвятляць? — шчыра здзіўляецца чыноўніца ў час дыялогу са студэнтамі журфака.
А яшчэ заяўляе, што за бяспеку журналістаў павінны адказваць іх выданні. Праўда, як гэта зрабіць, не ўдакладняе.
Прычын для саміх пратэстаў Качанава таксама не бачыць. А калі прычын для незадаволенасці беларусаў няма, то студэнтам Качанава прапануе проста не хадзіць на акцыі. Тады і праблем з адлічэннямі не будзе.
— Каб не быць адлічанай з універсітэта, трэба добра вучыцца, не парушаць грамадскі парадак і не хадзіць на несанкцыянаваныя акцыі. Вас адлічваюць не за грамадзянскую пазіцыю, меркаванне можа быць у кожнага сваё, — падкрэслівае Качанава.
Вы ведалі пра заробкі, калі ішлі ў медуніверсітэт
Паводзіны медыкаў у час пратэстаў кіраўніца Савета Рэспублікі зусім называе дзіўнымі:
— Я яшчэ разумею студэнты, але вы — людзі, якія адбыліся! Дыялогу на вуліцы не будзе, папярэдзьце.
Калі адкінуць палітычныя патрабаванні лекараў-пратэстоўцаў, то яны яшчэ не вельмі задаволеныя заробкамі. На гэта ў Качанавай таксама знаходзіцца адказ:
— Калі вы ішлі ў медуніверсітэт, вы ведалі пра заробкі.
У 2016 годзе чыноўніца у падобным духу выказвалася пра заробкі маладых трэнераў.
— Вось прыходзіць малады трэнер на заробак 1,3 мільёна [недэнамінаваных рублёў. — Еўрарадыё]. Ну што зробіш, такая зарплата! Увогуле чалавек, які скончыў школу, выразна павінен уяўляць, які заробак яго чакае на месцы трэнера нізавога звяна.
1,3 мільёна да дэнамінацыі — гэта прыкладна $65 па курсе 2016 года. Але ўлада пры гэтым не вінаватая, тлумачыць Качанава студэнтам:
— Яна стварыла ўсе ўмовы, каб вы вучыліся. Калі 75 гадоў таму мая мама дзіцем засталася сіратой і яны елі лебяду і пухлі ад голаду, асноватворным было накарміць вас.
Трэба знайсці другую працу
Рашэнне пытання нізкіх заробкаў прапануе кіраўніца прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар'яна Шчоткіна. Галоўнае — было б жаданне працаваць, упэўнена чыноўніца. Яшчэ ў 2015 годзе, быўшы міністрам працы і сацыяльнай абароны, яна заяўляла:
— Каб зарабіць, сёння ёсць магчымасці. Мы паглядзелі, што амаль 93 адсоткі беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, дык хай тата "пакруціцца".
Прыхільніца дэкрэта "аб дармаедах" у прынцыпе была не супраць таго, каб працавалі не ўсе. Галоўнае, каб было каму плаціць падаткі.
— Калі муж добра зарабляе і можа сабе дазволіць, каб жонка не працавала, то 20 базавых — невялікая сума, яе можна і аплаціць.
Заявы Шчоткінай бывалі даволі супярэчлівыя. Напрыклад, калі выйшаў дэкрэт "аб дармаедстве", чыноўнікі адпраўлялі людзей на біржу працы. Але дапамогу па беспрацоўі, пакуль чалавек шукае прыдатную працу, былая міністр працы прапаноўвала выплачваць не ўсім. Напрыклад, калі чалавек не можа знайсці працу месяц, то і дапамагаць яму не трэба.
— Запэўніваю, ніхто з голаду не памрэ. Дапамога па беспрацоўі не будзе павялічвацца. У краіне ёсць механізмы адраснай сацыяльнай дапамогі, і калі раптам чалавек застаўся без працы, то яго сям'я можа звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады, і камісія ў кожным канкрэтным выпадку будзе вырашаць, ці трэба даць дзяржаўную дапамогу.
Акрамя таго, "пытанне пра сацыяльнае ўтрыманства пайшло не зверху, яго паднялі самі людзі", казала Шчоткіна, так што ўсё рабілася для народа.
Дзеці замест пенсійнай сістэмы
Што да яшчэ адной групы насельніцтва, якая мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы, — пенсіянераў, у Мар'яны Шчоткінай таксама была арыгінальная прапанова.
— Пенсійная сістэма? Перш за ўсё, трэба выхоўваць сваіх дзяцей, якія будуць вам дапамагаць.
Былі дзівацтвы і з заявамі пра пенсійны ўзрост.
— Пенсійны ўзрост у найбліжэйшай перспектыве не плануецца павялічваць, — сказала Шчоткіна ў 2015 годзе. У 2016 годзе яна ж расказала, што не разглядаць павышэнне пенсійнага ўзросту немагчыма.
У 2017-м міністрам працы і сацыяльнай абароны стала Ірына Касцевіч. Ад папярэдніцы ёй дасталіся старыя праблемы, а іх рашэнні прапануюцца прыкладна такія ж.
Каб жыць у дастатку і папаўняць ФСАН, у Ірыны Касцевіч рэцэпт адзін: усе павінны працаваць больш. Пенсіянерам трэба падымаць пенсійны ўзрост, дармаеды павінны знайсці працу, дэкрэтны адпачынак трэба скарачаць.
— Павышэнне пенсійнага ўзросту ўсё-ткі дазваляе ў Беларусі штогод павялічваць пенсіі, — лічыць цяперашні міністр працы.
Гэта сапраўды так, бо працаздольнага насельніцтва ў Беларусі ўсё менш. Але ў пенсіянераў ёсць пытанні. Як паведамляў Еўрарадыё ў 2017 годзе Андрэй Рыбак, які быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, пенсіянеры, якія працуюць, цікавіліся ў яго, чаму іх адлічэнні ў ФСАН ніяк не адбіваюцца на пенсіях. На думку Ірыны Касцевіч, гэтыя пералічэнні нязначныя. Таму пенсіі працоўных пенсіянераў не пераглядаюцца.
Праца ёсць, толькі грошай там няшмат
Па пытанні працаўладкавання ў снежні мінулага года Ірына Касцевіч сказала:
— Мы маем на сёння 75 тысяч вакансій. Я лічу, што гэта дастатковая колькасць для таго, каб тыя, хто хоча працаваць, пайшлі працаваць. Так, можа быць, узровень аплаты працы не такі, як ёсць фактычны па заработнай плаце па краіне, але гэта вакансія.
У пачатку 2021 года ў агульнарэспубліканскім банку вакансій налічваецца 73,3 тысячы прапаноў наймальнікаў. З іх па 30,8 тысячы прапануецца заробак да 500 рублёў. Вакансій з заробкам ад 1000 рублёў — 9 тысяч.
Разам з тым Ірына Касцевіч у канцы мінулага года гаварыла пра магчымае скарачэнне дэкрэтнага адпачынку. Пазней Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэтага ўсё ж не будзе. Але на ўсялякі выпадак у Ірыны Касцевіч было рашэнне пытання, куды падзець дзяцей у працоўны час. Паколькі дзяржаўных дзіцячых садкоў не хапае, ініцыятыву павінны ўзяць на сябе прыватныя.
Але калі ў рэспубліканскім банку вакансій амаль палова на заробак да 500 рублёў, як плаціць за прыватны дзіцячы сад? Кошт паслуг такіх устаноў у Мінску можа складаць як 300 рублёў, так і $550 у месяц.
— На дэкрэтны адпачынак трэба глядзець з пункту гледжання будучыні. Вядома, трэба развіваць паслугі па доглядзе дзяцей ранняга ўзросту. І калі мы выйдзем на адпаведны ўзровень развіцця гэтых паслуг, толькі тады будзе прымацца гэта мера, — кажа Ірына Касцевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.