Новая хваля павышэння коштаў: даражэюць шакалад і касметыка

А таксама чыпсы і алкаголь. Падаражэнне памперсаў спынілася, а пераважная большасць прадуктаў застаецца па ранейшых коштах.
Пасля прыняцця пастановы №141, якая з 30 кастрычніка адпусціла тавары ў вольнае эканамічнае плаванне, кошты паступова паўзуць уверх. Пераважная большасць тавараў прадаецца па кастрычніцкіх коштах. Але дзе-нідзе цэннік пачынае кусацца. Перш-наперш гэта тычыцца прывазной расійскай касметыкі.

У металічным боксе з касметыкай на мінірынку “Серабранка” з пачатку месяца цана на пену для галення “Gillette” вырасла аж на паўтары тысячы.
“Падаражэла пена. Кожны раз, як мы яе замаўляем, кошт на яе робіцца большы”, — разводзіць рукамі прадавачка касметыкі.

Яшчэ ў канцы красавіка пена “Gillette” каштавала каля 8000 рублёў, зараз — каля 9500.

Кліентка гэтага ж касметычнага бокса Наталля пажалілася Еўрарадыё, што кошты падвысіліся і на прывазную жаночую касметыку.

Наталля: “Калі раней танальнік “L'Oreal” можна было купіць за 37000 рублёў, то зараз ён каштуе ад 45000 да 50000. Кошты ўвогуле невядома куды рванулі з пачатку месяца. Некаторыя рэчы амаль перасталі вазіць. За бляскі для вуснаў, асабліва ментолавыя, гнуць зараз кошты па 40000 рублёў”.

Кліент віна-гарэлачнага аддзела ўніверсама “Рублёўскі”, што на сталічнай вуліцы Пляханава, заўважае, што паўлітры гарэлкі “Прэзент” з пачатку месяца падаражэлі на 360 рублёў. Пляшка каштавала 7040 рублёў, стала 7400 рублёў — не адразу заўважыш!

Ва ўніверсаме "Ўручча" адзначылі рост коштаў на сыравэнджаную каўбасу “Раўбічская”. Такія каўбасы не ўваходзяць у лік 30 сацыяльна значных прадуктаў, кошты на якія кантралююцца.

“Падаражэла рублёў на дзвесце, прыехала новая. Больш ніякія каўбасы не даражэлі”, — адрапартавала Еўрарадыё прадавачка мяснога аддзела.

Дэкрэт №141 пакрыўдзіў студэнтаў, якія любяць паласавацца шакаладам і чыпсамі.

Любімая ежа студэнтаў падаражэла — гэта “Lay's” і “Alpen Gold”, — гаворыць студэнт БДЭУ Дзіма. — І тое, і тое каштавала аднолькава, каля 2700 тысяч рублёў, зараз амаль 3000”.

А вось кошты на памперсы, якія ў першыя дні дзеяння дэкрэту падаражэлі з 70000 да 72000-73000 рублёў, вышэй не пайшлі. Больш за тое — у буйных гандлёвых цэнтрах на памперсы сталі праводзіць акцыі са зніжкамі ў 10-15%.

“Вось гэтыя памперсы каштуюць семдзесят з чымсьці тысяч, але заўтра яны будуць на акцыі”, — усцешыла Еўрарадыё кампетэнтная супрацоўніца гіпермаркета “Карона”.

У крамах даражэе садавіна, напрыклад, белы дробны вінаград. Месяц таму каштаваў каля 6000, зараз — 7200 рублёў. Але, паводле слоў прадаўцоў, звязана гэта з сезоннымі падвышэннямі коштаў, а не з пастановай № 141.

“Ну, канечне, падаражэў, ужо ж зіма”, — гавораць ва ўніверсаме "Першамайскі".

На мінірынку “Ўручча-3” Еўрарадыё расказалі, што кошты на раслінны алей, макароны, каву і печыва застаюцца такімі, як у кастрычніку. А калі будзе падаражэнне — невядома.

Фота segodnya.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі