Новы амбасадар ЗША можа прыехаць у Беларусь летам 2020 года
Новы амбасадар ЗША можа прыехаць у Беларусь летам 2020 года. Пра гэта паведаміла Джэніфер Мур, часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў у нашай краіне. У красавіку сёлета стала вядома, што амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп вылучыў на гэтую пасаду Джулі Фішэр, намесніцу памочніка дзяржсакратара па справах Заходняй Еўропы і ЕС. Яе мусіць зацвердзіць сенат.
Раней Фішэр працавала ў Маскве, Кіеве і Тбілісі, валодае рускай, французскай і крыху грузінскай мовамі. Таксама яна займала пасаду намесніцы пастаяннага прадстаўніка ЗША пры NATO.
Апошнія 12 гадоў Беларусь і ЗША не абменьваліся амбасадарамі. Яны былі адкліканы пасля таго, як вясной 2008 года ЗША ўвялі санкцыі супраць "Белнафтахіма". Гэта была рэакцыя на парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне. Тады Мінск адклікаў свайго пасла і прапанаваў з'ехаць амбасадару Злучаных Штатаў Карэн Сцюарт. Штат амерыканскай амбасады быў істотна скарочаны, дыппрадстаўніцтва ад таго часу ачольвае часовы павераны.
Аднак у 2014 годзе пачалося пацяпленне адносін паміж Беларуссю і ЗША. Неаднаразова пра жаданне палепшыць дачыненні са Злучанымі Штатамі заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Сёлета нашу краіну наведаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. "Мы не кажам пра выбар паміж "намі" і "імі", — гаварыў ён Лукашэнку, маючы на ўвазе Расію і ЗША. — Мы кажам пра дыпламатычныя адносіны. Пра паляпшэнне адносінаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.