Новы КаАП: пратэстоўцаў стануць караць стражэй, прастытутак — мякчэй

Сілавік на акцыі пратэсту / Еўрарадыё
Сілавік на акцыі пратэсту / Еўрарадыё

Новую рэдакцыю Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях афіцыйна апублікавалі 22 студзеня. Дакумент уступіць у сілу 1 сакавіка, і гэтая дата не выглядае выпадковай. Увесну беларускія ўлады чакаюць аднаўлення вулічных пратэстаў, а 25 сакавіка апазіцыя традыцыйна адзначае Дзень Волі. Увядзенне больш жорсткіх пакаранняў па большасці "пратэставых" артыкулаў у гэтым кантэксце выглядае вельмі своечасовым для ўладаў.

Як цяпер будуць караць пратэстоўцаў, інтэрнэт-каментатараў і журналістаў — у аглядзе Еўрарадыё.

Паўдзельнічаць у акцыі — у тры разы даражэй

Разам з абнаўленнем кодэкса ў мінулае адыходзяць ужо знакамітыя лічбы 23.34 — цяпер артыкул аб парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў мае нумар 24.23. І гэта не адзінае змяненне.

Караць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ці нават заклікі цяпер могуць штрафам да 100 базавых велічынь (гэта значыць да 2900 рублёў). Па старым кодэксе караць могуць больш траваедна — штрафам да 30 базавых.

Пакінута ў новым КаАП опцыя прысуджаць па гэтым артыкуле адміністрацыйны арышт. Дададзены новы варыянт: грамадскія работы. Гэта значыць, злавілі на маршы — пойдзеш падмятаць вуліцы.

Новый КоАП: протестующих станут наказывать строже, проституток — мягче
На акцыі пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

Калі парушыць закон арганізатар мерапрыемства, штраф — ад 20 (як і было) да 150 (а было 40) базавых велічынь. Або арышт, або грамадскія работы.

Даражэйшым па новым КаАП будзе паўторнае парушэнне закона: калі вас другі раз на працягу года зловяць на несанкцыянаванай акцыі, максімальны штраф расце да 200 базавых велічынь, а арышт — да 30 сутак.

Цікавы дадатак і ў артыкуле пра "ўцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны". Раней па ім каралі тых, хто купляе падлеткам алкаголь. А цяпер дадалі "ўцягванне ва ўдзел у сходзе, мітынгу" і далей па спісе. Пакаранне — да 30 базавых велічынь.

Непадпарадкаванне і блакаванне дарог — таксама даражэйшыя

Падвышэнне штрафаў закранула ў новым КаАП і артыкул за "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў", які таксама часта ставяць у віну пратэстоўцам. Цяпер у Беларусі не выканаць распараджэнне сілавіка (нават калі ён не ў форме) будзе каштаваць не да 50, а да 100 базавых велічынь. Ну або грамадскія работы, або арышт — гэта і так разумеем.

Падвышэнне штрафаў прадугледжана і за блакаванне дарог (будзе да 50 базавых замест 10). Дададзеная і другая частка: за блакаванне дарог у месцы правядзення масавых мерапрыемстваў — да 50 базавых, а для кіроўцы — пазбаўленне правоў на тэрмін да двух гадоў.

Улады ўзаконілі барацьбу з гукавой падтрымкай акцый: за "бібіканне" падчас правядзення масавага мерапрыемства могуць аштрафаваць на 10 базавых і пазбавіць правоў на год.

Яшчэ адна навінка — артыкул аб незаконным выкарыстанні і вырабе сцягоў. З 1 сакавіка за выкарыстанне "забароненых заканадаўчымі актамі сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або сімвалаў" або за іх выраб будуць штрафаваць да 20 базавых грамадзян, да 40 — ІП,а юрыдычных асоб — да 60 базавых. Нагадаем, што як такога рэестра "забароненых" сцягоў або тым больш плакатаў на цяперашні момант няма.

Новый КоАП: протестующих станут наказывать строже, проституток — мягче
Журналістам у Беларусі са жніўня 2020-га стала працаваць у разы складаней, чым раней / Еўрарадыё

Зразумела, не абдзялілі ўвагай чыноўнікі і журналістаў, якія асвятляюць пратэставую актыўнасць. Напрыклад, за "незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі" караць будуць штрафам да 30 базавых велічынь (лібералізацыя — было да 50 базавых), затое цяпер ёсць магчымасць канфіскацыі "прадмета адміністрацыйнага правапарушэння". Чытай — тэхнікі.

За прастытуцыю і зняважаны гонар Лукашэнкі караць будуць мякчэй

Так-так, месцамі новы КаАП стаў гуманнейшым. Нельга не адзначыць лібералізацыю па некаторых артыкулах. Напрыклад, у артыкуле, які ідзе проста за "ўцягваннем непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны", прысвечаным прастытуцыі, пакаранне зніжана. Калі раней пры "паўторцы" за прастытуцыю маглі пакараць штрафам у 50 базавых, то цяпер — толькі ў 30.

Меншы будзе штраф і за абмежаванне свабоды масавай інфармацыі: калі было 50 базавых, то будзе не больш за 30. Такім чынам некаторыя сабе вырашылі "саломку падаслаць"? Бо абмяжоўвае свабоду СМІ сёння толькі адзін лагер. Ды і тое не прызнае гэтага.

Знізілі верхні парог штрафу для фізічных асоб па артыкуле "распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя лжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта". Цяпер — не больш за 30 базавых, а было 50. Для ІП і юрыдычных асоб пакаранне, зрэшты, засталося тым самым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі