Новы закон “Аб карупцыі”. Кантраляваць чыноўнікаў будуць яны самі

Новы закон “Аб карупцыі”. Кантраляваць чыноўнікаў будуць яны самі

Новы закон распрацоўвалі амаль два гады. Папярэдні прымалі летам 2006-га і, відаць, працаваў ён не зусім добра. За прыняцце новага дэпутаты прагаласавалі яшчэ летам, уступіў у сілу закон 24 студзеня 2016-га года. Коратка па новаўвядзенні:

 

1. Пазбаўленне пенсіі за хабар

Так. Цяпер чыноўніку, які спаліўся на атрыманні хабару, альбо якой іншай карупцыі, пагражае пазбаўленне пенсіі. І не толькі чыноўніку, але і міліцыянеру ці ваеннаму. Праўда, зусім без пенсіі такіх людзей не пакінуць, бо пазбавяць толькі пенсіі за так званую “выслугу”. То бок пенсію па ўзросце плаціць будуць. Розніца паміж імі на сённяшні дзень прыкладна роўная мільёну рублёў. Сярэдняя пенсія “па ўзросце” у Беларусі складае 2 мільёны 890 тысяч, а “за выслугу” — 3 мільёны 700 тысяч.

 

2. Дэкларацыі аб маёмасці для дзяцей чыноўнікаў

Гэта таксама абсалютна новая з’ява. Цяпер раз на год да 1 сакавіка кожны чыноўнік павінен падаць па месцы працы дэкларацыю аб маёмасці. Не толькі сваёй, але і жонкі, а таксама дзяцей, непаўналетніх і нават паўналетніх, калі яны жывуць разам з бацькамі. Цікавы момант — у дэкларацыі чыноўнік павінен будзе пазначыць усю маёмасць, якой карыстаўся больш за шэсць месяцаў на год. Напрыклад, калі нехта ездзіў на машыне сябра, то павінен упісаць і яе.

Фішка — змест дэкларацый нідзе публікавацца не будзе (а гэтага так хацелі шматлікія каментатары, у тым ліку з форумаў дзяржаўных газет). А за яго разгалошванне прадугледжаная адказвнасць. “Калі чалавек, які валодае такімі звесткамі, напрыклад, вось у нашай сістэме, некаму іх перадасць, агучыць — натуральна, што гэта будзе грубейшае службовае парушэнне”, — расказваюць Еўрарадыё ў Генпракуратуры. Таму спадзявацца, што пасля ўступлення ў сілу новага антыкарупцыйнага закона мы, журналісты, і простыя людзі даведаемся, чым валодаюць і колькі зарабляюць чыноўнікі, не варта. А шкада.

Новы закон “Аб карупцыі”. Кантраляваць чыноўнікаў будуць яны самі

Дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці чыноўнікаў мы не пабачым

“Мы будзем ставіць пытанне пра тое, каб чыноўнік, які неабгрунтавана атрымаў маёмасць, вярнуў яе. А калі ён не зробіць гэтага самастойна, мы будзем патрабаваць гэтага ад яго ў судовым парадку — гэта, відаць, самае галоўнае, такога ў нас яшчэ не было”.

3. Чыноўнік зможа легальна траціць на 24% больш, чым зарабляе

Рашэнне спрэчнае, але ўжо нічога не паробіш — у новым законе прапісана менавіта так. Пракуратура зацікавіцца жыццём чыноўніка толькі калі яго выдаткі перавысяць прыбыткі на 25%. Прасцей кажучы, калі, напрыклад, кіраўнік аблвыканкама за год заробіць 100 тысяч еўра, а растраціць 124 тысячы, то ніхто яму слова не скажа. Калі патраціць 125 і больш — ужо могуць завесці справу і канфіскаваць лішнія сродкі.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне, што будзе з простым чалавекам (напрыклад, з прадпрымальнікам), чые выдаткі на 24% перавысяць прыбыткі. Малаверагодна, што гэта ніякім чынам не зацікавіць падатковую інспекцыю.

 

4. Караць за дробязі больш не будуць.

Пад “дробязямі” маецца на ўвазе “малазначныя недакладнасці пры дэклараванні маёмасці і прыбыткаў”. То бок калі ўчастак мае плошчу 100 гектараў, а ў дэкларацыі напісаць 98, за гэта нічога не будзе. З іншага боку, памер гэтых “недакладнасцяў” будзе вызначаць пракуратура, а там могуць два лішнія гектары гэтай самай недакладнасцю не палічыць. Тут ужо, як пашанцуе.

 

5. Карупцыянер не зможа вярнуцца на сваю пасаду.

Не зусім так. У новым законе для асуджаных “за карупцыю” прадугледжаная забарона зноў займаць кіраўнічыя пасады, але толькі на пяць гадоў. Тэарэтычна, пасля завяршэння гэтага тэрміну чыноўнік зноў можа трапіць у сваё ранейшае цёплае крэсла.

Новы закон “Аб карупцыі”. Кантраляваць чыноўнікаў будуць яны самі

За год у Беларусі за хабар затрымалі 65 чыноўнікаў

Да крымінальнай адказнасці прыцягваюць 65 службовых асоб, з іх 29 чалавек атрымалі хабар у тысячу долараў і больш — 520 тысяч долараў на усіх.

6. Стварэнне “інстытута грамадскага кантролю над карупцыяй”.

Гучыць цудоўна. Але на самой справе ўсё не так, як некаму можа падавацца. Так званыя “інстытуты грамадскага кантролю” будуць складацца з… саміх чыноўнікаў. “На прадпрыемствах, у ведамствах яны будуць стварацца. І там чалавек зможа ўдзельнічаць. Гэта адна форма. Любы чалавек, можа, напрыклад, прапанаваць нейкае удасканаленне заканадаўства, калі жыццё падкажа. Ну і натуральна, любы сігнал ад грамадскасці будзе разглядацца, мы чакаем сігналаў. Ад карэспандэнтаў, у тым ліку”, — кажуць у Генеральнай пракуратуры Беларусі. Вось толькі як гэтыя сігналы раскапаць, калі амаль усе звесткі — выключна “для службовага карыстання”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі