Някляеў і Статкевіч вінавацяць “Гавары праўду” у супрацы са спецслужбамі
Абодва палітыкі збіраюцца ўгаварыць Таццяну Караткевіч зняцца з выбараў і давесці АБСЕ, што іх нельга прызнаваць свабоднымі і дэмакратычнымі.
Прэс-канферэнцыя з удзелам Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Паўла Севярынца і Анатоля Лябедзькі збірае натоўп журналістаў. Усе чакаюць, што Статкевіч агучыць абяцаны план дзеянняў падчас выбараў. Але куды больш за Статкевіча прамаўляе Някляеў, які хіба ўпершыню пасля сыходу з “Гавары праду” публічна падазрае сваіх былых паплечнікаў у супрацоўніцтве з уладамі.
“Што значыць, не змагаўся са сваімі былымі паплечнікамі, з тымі, хто цяпер абсеў “Гавары праўду”... Слухайце, што я адзін магу зрабіць супраць спецслужбаў? Я мог зрабіць толькі тое, што зрабіў. Пайсці. І я пайшоў”, — ледзьве не зрываецца на крык Някляеў.
Расказвае, што меў план стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, і падчас удзелу ў тэледэбатах у жывым эфіры зняцца з выбараў, расказаўшы пра іх фальсіфікацыю. Адзіным кандыдатам паэт не стаў, прапанаваў замест сябе Караткевіч. Някляеў расказвае, што хацеў, каб яна паўдзельнічала ў кангрэсе дэмакратычных сілаў. Але ўсё пайшло не так, і цяпер Таццяна Караткевіч, на яго думку, знаходзіцца “пад уплывам” іншых людзей.
Таго самага меркавання пра Караткевіч і Мікалай Статкевіч. Ён абвяшчае аб пачатку кампаніі па непрызнанні выбараў дэмакратычнымі і свабоднымі. Гаворыць, што Караткевіч, магчыма, і харошы чалавек, але яе ўдзел у кампаніі не павінен легітымізаваць выбары. Маўляў, апазіцыйнасць Караткевіч хутчэй фармальная.
“Магчыма, яна сапраўды добрая і цудоўная жанчына. Але той чалавек, які за ёй стаіць… Ну, ведаеце, я б пасаромеўся. Публічна зганьбіцца, здрадзіць і потым ізноў хадзіць увесь у белым. Як так можна? Я не разумею. Але тым не менш — ходзіць. Можа, прымусілі. Можа, на нейкім кручку сядзіць. І цяпер вось нібыта ў выбарах удзельнічае апазіцыйны кандыдат. Усе прыкметы фармальнай апазіцыйнасці там”, — кажа Мікалай Статкевіч.
Усе ўдзельнікі прэс-канферэнцыі сышліся ў тым, што нельга дапусціць прызнання выбараў Захадам і неабходна ўратаваць імідж апазіцыі, угаварыўшы Караткевіч зняцца. Някляеў расказвае, што нават напісаў асабісты ліст сваім былым паплечнікам і збіраецца размаўляць з Караткевіч сам:
“Яшчэ раз кажу. Я як звяртаўся да яе (Караткевіч, — Еўрарадыё), так і звяртаюся з прапановай зняцца. Я напісаў кампаніі “Гавары праўду” асабісты ліст. Калі яны адгукнуцца на яго, то, можа, нешта зрушыцца. Калі не, калі не знойдуць маральнай і палітычнай сілы самі выправіць сітуацыю, у якую паставілі не толькі сябе, але і ўсю дэмакратычную апазіцыю, гэта будзе найбольшым паражэннем, якое мела апазіцыя за ўсе гады”.
Абвінавачванні ў супрацоўніцтве са спецслужбамі каментуе цяперашні кіраўнік “Гавары праўду” і начальнік выбарчага штаба Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў. Па яго словах, Някляеў працаваў у структуры пяць гадоў і ніколі не выказваў падазрэнняў аб тым, што нехта супрацоўнічае з уладамі. Паводле Дзмітрыева, “Гавары праўду” заўсёды была гатовая падтрымаць Някляева:
“Кампанія “Гавары праўду” была гатовая падтрымаць Някляева кандыдатам нават калі б ён не быў абраны адзіным. Ён сам адмовіўся ад гэтага. І тады ён нікога з нас у супрацоўніцтве не падазраваў. А цяпер, калі гэта стала выгадна, то ўжо ўсе сталі агентамі”.
Дзмітрыеў таксама кажа, што Караткевіч не будзе здымацца з выбараў у тым выпадку, калі яе зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты. “Нельга пазбаўляць людзей альтэрнатывы”, — мяркуе ён.