Нямецкія вайскоўцы ў Літве размесцяцца недалёка ад беларускай мяжы
Нямецкія вайскоўцы прыбываюць у Літву, ілюстрацыйнае фота
У панядзелак у Вільню прыбываюць першыя салдаты нямецкай брыгады, прыкамандзіраваныя да Літвы, піша Delfi.
Асноўную групу ўпраўлення штаба 45-й брыгады Lietuva (Літва) складуць больш за 20 нямецкіх салдатаў. Разам з імі ў Вільню прыбудзе камандуючы сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Германіі Альфонс Майс.
Германія плануе размясціць у Літве цяжкую брыгаду з трыма манеўранымі батальёнамі і ўсімі неабходнымі сродкамі, у тым ліку падраздзяленнямі баявога забеспячэння. Чакаецца, што агулам у Літве размесцяцца каля пяці тысяч нямецкіх салдатаў і цывільных.
Асноўную частку брыгады мяркуецца перакінуць у Літву да 2026 года. Размяшчацца яны будуць у двух месцах — на палігоне ў Руднінкай (за 20 км ад беларускай мяжы) і ў Руклях (на паўночны ўсход ад Коўна).
Германія яшчэ ўлетку 2022-га абавязалася размясціць у Літве вайсковую часць памерам з брыгаду. Адпаведнае пагадненне падпісалі Олаф Шольц і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.