Опера Беларускага свабоднага тэатра намінаваная на прэстыжную прэмію
Сцэна спектакля "Дзікае паляванне караля Стаха"
Опера "Дзікае паляванне караля Стаха" Беларускага свабоднага тэатра намінаваная на прэмію Olivier Awards 2024 — найвышэйшую ўзнагароду брытанскага тэатра. Беларуская пастаноўка прадстаўленая ў намінацыі "Выдатныя дасягненні опернага мастацтва". Пра гэта піша The Guardian.
За перамогу ў гэтай катэгорыі таксама будуць змагацца музычны кіраўнік Каралеўскага тэатра "Ковент-Гардэн" Антоніа Папана, а таксама сербская мастачка Марына Абрамовіч. Яна намінаваная за канцэпцыю спектакля "7 смерцяў Марыі Калас" у лонданскім "Калізеі".
Цырымонія ўручэння прэміі Olivier Awards 2024 пройдзе сёлета 14 красавіка ў Каралеўскім Альберт-Холе.
Прэм'ера спектакля Беларускага свабоднага тэатра "Дзікае паляванне караля Стаха" адбылася ў мінулым верасні ў Лондане. Рэжысёрамі пастаноўкі былі Мікалай Халезін і Наталля Каляда. Музыку напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта — Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч.
Нагадаем, летам 2023 года сузаснавальнікі Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін і Наталля Каляда былі адзначаныя брытанскімі ўзнагародамі. За заслугі перад тэатрам ім прысвоілі званне Члена Ордэна Брытанскай імперыі. Наталлі Калядзе ордэн уручылі ў лістападзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.