Прэм’ера “Дзікага палявання” ў Лондане — гэта рэп, электроніка і слёзы гледачоў
Паказ “Дзікага палявання караля Стаха” ў Лондане 14 верасня 2023 года
У лонданскім тэатры “Барбікан” працягваецца сусветная прэм’ера спектакля “Дзікае паляванне караля Стаха”. Яна праходзіць 14-16 верасня.
Некаторыя ўжо паспелі паглядзець працу Беларускага свабоднага тэатра паводле твора Уладзіміра Караткевіча. А прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык наведае “Барбікан” увечары 15 верасня.
Еўрарадыё даведалася, што кажуць пра спектакль, як на яго збіраецца Аліна Коўшык і што некаторым не спадабалася.
“Паплакала”
Прадстаўніца Кабінета кажа, што гэта адна з самых галоўных культурных падзеяў года. Таму яна вельмі хацела быць на прэм’еры.
— Я атрымала запрашэнне ад Свабоднага тэатра. І вось цяпер ў Лондане. І здраджу вам цікавостку. Калі я прыляцела ў Лондан, то выпадкова сустрэлася з Андрэем Хадановічам, які напісаў лібрэта да оперы. Так што я ўжо ведаю, што гэта будзе вельмі моцна і цікава. Падрыхтаваная вельмі сучасная пастаноўка з элементамі электроннай музыкі, рэпу. То-бок гэта не класічная опера, да якіх мы прызвычаіліся. Але Свабодны тэатр ніколі не робіць класічных пастановак, гэта абсалютна ў іх стылі.
Спадар Андрэй здрадзіў мне, што не ўсе тэксты змясціліся ў оперу, якая будзе ісці больш за дзве з паловай гадзіны. Трэба было выразаць некаторыя цікавыя моманты, яны не ўвайшлі ў апошнюю версію спектакля. Але вельмі спадзяюся, што можна будзе пачытаць тое, што зрабіў спадар Андрэй. Ён расказаў, што будуць выдатныя эфекты — будуць лётаць вершнікі караля Стаха.
Пакуль Аліна Коўшык у чаканні, адна з беларускіх эмігрантак паспела схадзіць на спектакль 14 верасня і сцісла падзялілася ўражаннямі ў твітары:
— Водгук будзе такі: паплакала, — піша карыстальніца пад нікам Актыўна-агрэсіўная.
Яшчэ аднаму карыстальніку твітара спадабалася, але ёсць пытанні, якія засмуцілі:
— Адзінае пытанне: чаму беларускую оперу на беларускай мове спяваюць украінцы/кі? — піша твітаранін Маленькі Зянон. — Люблю і падтрымліваю Украіну, але няўжо няма беларусаў? А калі рэальна няма, можна ж было паставіць не оперу (украінскія спевакі і спявачкі адпрацавалі цудоўна, акцэнту было амаль не чуваць).
Ці думаў я тры гады таму, што буду сёння ў цэнтры Лондана слухаць оперу на беларускай мове. Змяшаныя пачуцці, вядома, як бы і крута, але…
Як наведваць такую падзею: лук — беларускі, кампаньён — вядомы архітэктар
Але вяртаемся да Аліны Коўшык, якая расказала яшчэ некалькі цікавостак. Прадстаўніца Кабінета збіраецца на прэм’еру са сваім сябрам, архітэктарам Цзывай Со. Ён стаў аўтарам праекта царквы святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа ў Лондане.
— Я іду сёння, дарэчы, таму што сёння — галоўная прэм’ера. І цікава, што перад самім спектаклем будзе дыскусія. Але я не ведаю, наколькі шмат туды людзей запрашалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.