“Пад абстрэламі “Градаў” мы неяк прапусцілі той факт, што ў нас перамір’е”

Цалкам размову з Ядвігай Гданьскай можна паслухаць:

Еўрарадыё: Для знаёмства: кім вы былі да прыезду на Данбас у складзе атраду добраахвотнікаў “Правага сектару”? Вас можна таксама называць кібаргам!

Ядвіга Гданьска: Я была праваабаронцам. А кібаргам — не, нельга. Рэч у тым, што я рыхтавалася ўвайсці ў Данецкі аэрапорт, была ў Песках, але не было адпаведнай ратацыі — замест нашага зайшло іншае падраздзяленне. Яны, дарэчы, сёння страцілі аднаго байца — у нас сёння цяжкі дзень (размова адбывалася 6 лістапада, у гэты дзень загінуў 18-гадовы Сяргей “Север” Рудэнка — Еўрарадыё). Гэта штурмавая рота “Правага сектара” 5 батальёна ДУК (Добровольчий Український Корпус "Правого сектора" (ДУК) — добраахвотнае мілітарнае аб’яднанне грамадзян Украіны, украінцаў з-за мяжы і грамадзян іншых краін, якія выказалі жаданне браць удзел ва ўзброенай барацьбе ўкраінскага народа, створаны з мэтай абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і нацыянальнай незалежнасці Украіны — Еўрарадыё). А нашая рота пакуль не на ратацыі і выконвае баявую задачу ў Песках (вёска за некалькі кіламетраў ад данецкага аэрапорта — Еўрарадыё). Да апошняга дня я таксама была ў Песках са сваёй ротай і выконвала задачу па абароне гэтага населенага пункта. Цяпер мяне накіравалі ў Крывы Рог, дзе я займаюся пытаннямі забеспячэння нашай роты. Але на сувязі з хлопцамі я 24 гадзіны ў суткі. Вы проста не ўяўляеце, як цяжка ад таго, што я тут, а яны ўсе — там.

           Сяргей “Север” Рудэнка, баец 5 батальёна ДУК “Правага сектара”

Еўрарадыё: Якая ваша функцыя ў роце, якія задачы вы асабіста мусілі б выконваць у аэрапорце?

Ядвіга Гданьска: У роце я звычайны шараговы баец. І як шараговы баец я абараняла б аэрапорт. Адразу скажу: зброяй я валодаю добра — я ў свой час служыла ў арміі і была аператыўным супрацоўнікам (працавала ў міліцыі — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Я разумею, вайна, але Данецкі аэрапорт — гэта пекла. Ці месца ў пекле жанчыне?

Ядвіга Гданьска: А Пескі таксама пекла! Няма вялікай розніцы, Пескі ці Данецкі аэрапорт. Адрозненне толькі ў тым, што ў аэрапорце ты ў замкнёнай прасторы, а ў Песках у цябе ёсць невялікая свабода перасоўвання. Толькі сутнасці гэта не змяняе. І там і там — пастаянныя абстрэлы. Ведаеце, пра тое, што ў нас дзейнічае рэжым перамір’я, я даведалася толькі калі з’ехала з Пескаў — неяк пад пастаянным абстрэламі гэты момант мы прапусцілі. Затое я цяпер ведаю, як выглядае перамір’е па-руску: гэта калі цябе кожныя дзве гадзіны паліваюць “Градамі”, мінамётным агнём… Байцы практычна ўвесь час знаходзяцца на пазіцыях, і толькі калі абстрэлы робяцца зусім ужо жудаснымі — спускаюцца ў падвалы дамоў. А вось тыя мясцовыя, што там застаюцца насуперак усяму, практычна ўвесь час праводзяць у падвалах.

Еўрарадыё: І ўсё ж патлумачце: чаму такое жаданне ўзяць у рукі зброю і трапіць у самае гарачае месца? Можна іншымі метадамі дапамагаць краіне і арміі, валанцёрствам, да прыкладу...

Ядвіга Гданьска:  Я служыла ў арміі і некалі давала прысягу. А гэта для мяне шмат значыць. Да ўсяго, я веру, што за нас усё вырашае Бог і ўсіх расстаўляе на свае месцы. Я верніца, і я адчуваю, што маё месца на перадавой. Ведаеце, некалі я згубіла свой ваенны білет, але калі гэта ўсё пачалося, то пайшла і аднавіла яго. Займалася спачатку валанцёрствам, потым працавала інструктарам у адной вайсковай частцы і рыхтавала байцоў да вайны. Потым вырашыла, што свае веды трэба выкарыстоўваць напоўніцу, і пайшла ў роту, якая накіроўвалася ў аэрапорт.

Еўрарадыё: Верніца і да ўсяго жанчына, якая павінная дарыць жыццё, а вы са зброяй і на фронт. І што, без маральных ваганняў гатовыя забіваць?

Ядвіга Гданьска: Гэта балючае пытанне. Сапраўды, толькі Бог мае права забіраць жыццё, і я доўга разважала над гэтым пытаннем, раілася са святаром. Але зразумейце: я ішла туды не забіваць, а бараніць сваю краіну — не мы некага акупавалі, а да нас прыйшлі! І ў нас няма іншага выйсця, жанчына ты ці мужчына. Я магла б сядзець у цёплым месцы, а нехта б ваяваў і абараняў і мяне, і краіну. Але я так не магу. Святы абавязак кожнага — бараніць сваю зямлю. І тут няма ніякіх супярэчнасцяў ні з маёй верай, ні з маімі перакананнямі, ні з Новым Запаветам. Мне пакуль не даводзілася забіваць і разважаць, як я сябе буду адчуваць, калі гэта здарыцца. Але я ўжо пабачыла вайну ў твар, і мне вельмі цяжка знаходзіцца ў мірным Крывым Рогу. Тут вельмі складана ўявіць, што недзе там 24 гадзіны на суткі нашых байцоў паліваюць “Грады”, гінуць людзі. Дапусціць, каб гэта адбывалася тут, каб гінулі дзеці, нельга. І я разумею, што зраблю ўсё, што заўгодна, каб гэта сюды не прыйшло. Пабачыўшы, што адбываецца там, я адкінула ўсе ваганні — я іх сюды не пушчу. Там адбываецца жах, там гінуць нашы… выбачайце, бачыце — усё ж жанчына! — да гэтага ніколі не прывыкнеш. Гэта пакуль ты тут, усе ўзнятыя вамі пытанні ўзнікаюць, а калі ты там, іх проста няма. Ты думаеш, што табе трэба найперш абараніць блізкіх табе людзей, што знаходзяцца побач. Ты нават не думаеш пра тых, што далей там, за спінай. Зробіш усё, каб хаця б тыя, што побач, засталіся жывымі.

                     Ядвіга Гданьска да пачатку канфлікту на Данбасе

Еўрарадыё: Мяне здзіўляе тое, што ўся Украіна цяпер глядзіць на абаронцаў аэрапорта, лічыць іх героямі, але забеспячэннем гэтых герояў усім неабходным займаецца не Мінабароны, а простыя людзі праз валанцёраў…

Ядвіга Гданьска: Я буду казаць выключна за “Правы сектар”. Мы вісім у паветры, мы — батальён, які ўвогуле нідзе не зарэгістраваны. Мы самі сябе стварылі і займаемся самазабеспячэннем: нас забяспечваюць усім валанцёры — мы ні на кога іншага не разлічваем. У прававым полі нас няма, і як потым да нас будуць ставіцца — гэта таксама яшчэ пытанне. Але людзі ваююць самаахвярна, не атрымліваючы за гэта ні капейкі. Таму ў нас няма ні да кога прэтэнзій. Зброя здабываецца ў баі, боекамплект — таксама. Але пытанні да Мінабароны ў нас, безумоўна, ёсць, пытанні да ўраду, да прэзідэнта. Бо мне незразумела: як доўга будзе цягнуцца абарона, чаму не змяняецца стратэгія вядзення баявых дзеянняў? У мяне шмат пытанняў як у чалавека, які мае ўяўленне пра вайну, пра ваенныя дзеянні: тэарэтычныя з мінулага і практычная ў выніку ўдзелу ў баявых аперацыях цяпер. Вайна скончыцца — будзем патрабаваць адказаў на гэтыя пытанні, а цяпер выстаўляць прэтэнзіі неразумна. Хоць сітуацыя вельмі цяжкая.

Еўрарадыё: Калі корпус “Правага сектара” сам па сабе, то як ваююць вашы байцы — таксама самі па сабе, дзе і як хочуць? Да прыкладу, прыехалі ў аэрапорт і ваююць там, пакуль сілы ёсць? Ці адбываецца нейкая ўзгодненая ратацыя?

Ядвіга Гданьска: Не, канечне: адбываецца і змена байцоў, і ставяцца пэўныя задачы — усё ўзгадняецца з ваеннымі, з Мінабароны. Гэта не хаос. Выконваецца пастаўленая баявая задача, і ўсё адбываецца так, як і павінна быць. Калі б быў хаос, аэрапорт бы даўно ўжо не быў бы нашым.

Еўрарадыё: І першая баявая задача, я так разумею, — здабыць сабе зброю?

Ядвіга Гданьска: Атрымліваецца, што так. Нас ніхто зброяй не забяспечвае і не можа гэтага зрабіць — мы ж нічыйныя! Мінабароны нам зброі не дасць, МУС не дасць… Ты сабе зброю здабыў — ты з ёй і ваюеш. Нават калі хлопцы выязджаюць на ратацыю, то выязджаюць яны ў Пескі, якія знаходзяцца побач, гэта падтрымка аэрапорта. Зброю здаюць толькі тыя, хто едзе ў Пескі дамоў, але гэта адбываецца толькі тады, калі некага практычна выпіхваюць. Альбо калі нехта паранены і едзе ў шпіталь. Гэтая зброя застаецца ў нас, бо яна нам неабходная.

Еўрарадыё: Чытаю інтэрв’ю з адным “кібаргам” — ён расказвае, што яны трымаюць толькі адзін паверх тэрмінала, а астатнія займаюць сепаратысты. Чытаю размову з іншым — па яго словах, за ўкраінцамі ўвесь тэрмінал. Дзе праўда?

Ядвіга Гданьска: Я маю ўсю інфармацыю, але казаць пра гэта не маю права. У прынцыпе, трымаюць, усё нармальна, але ў падрабязнасці не будзем залазіць.

Еўрарадыё: Чаму, іншыя ж вайскоўцы пра гэта спакойна казалі.

Ядвіга Гданьска: У мяне іншая спецыфіка: яны могуць казаць, а я выдатна разумею, пра што я магу казаць, а пра што — не. Я баец нябачнага фронту.

Еўрарадыё: Контрразведка?

Ядвіга Гданьска: Гэта вашыя словы, я так не казала, а працытавала словы з фільма.

Еўрарадыё: Да забеспячэння байцоў неабходным: прычытаў фразу: “Гэта ж колькі ўсяго неабходнага можна было набыць за грошы, якія пайшлі на рэкламныя бігборды кандыдатаў”…

Ядвіга Гданьска: Цалкам згодная! У такім фармаце выбараў увогуле не павінна было быць. Шмат хто са мной не пагодзіцца, але вельмі шмат было парушэнняў. Мы ж там не галасавалі — ніхто не прыехаў на перадавую! Гэтыя выбары ўжо канстытуцыйна не маглі быць, бо нас пазбавілі нашага канстытуцыйнага права — усіх тых, хто на перадавой. Дык пра якія выбары мы кажам?!

Еўрарадыё: А як жа з Ярашам і яго найбліжэйшым паплечнікам Барыславам Бярэзам, якія ў выбарах удзельнічалі і выйгралі іх?

Ядвіга Гданьска: Выйгралі і дзякуй Богу — гэта сведчанне таго, што нешта ў краіне ўсё ж мяняецца. Але я ведаю, як наша арганізацыя ішла на гэтыя выбары: той жа Яраш увогуле не надаваў ім ніякай увагі. Ён быў на фронце і не хацеў браць удзел у выбарах, але… Відаць, так трэба было.

Еўрарадыё: Вы расказалі пра тое, што сёння загінуў адзін з байцоў вашага корпуса: хто займаецца пахаваннем і які статус у забітага?

Ядвіга Гданьска: Мы займаемся, а хто яшчэ? Вось днямі мы пахавалі сябра Орэста з Крывога Рогу. Ён адзіны сын у маці быў, і хто, апроч нас, ёй дапаможа? Мы ўзялі ўсё на сябе — дзяржава ў гэтай сітуацыі нічога не робіць. Не, маці Орэста далі даведку ад камбата, што яе сын загінуў пад Пескамі, — а далей што? Куды яна пойдзе з гэтай даведкай ад няіснай ваеннай арганізацыі? Але маці Орэста — я захапляюся гэтым чалавекам. Яна стала актыўным валанцёрам і дапамагае нам усім чым можна: прадукты здабывае, яшчэ нешта, перадае нам у Пескі… І такіх шмат. Гэта вельмі цяжка.

Еўрарадыё: Ведаю, што ў “Правым сектары” ёсць беларусы: ці ёсць яны сярод вашых байцоў у Песках ці аэрапорце?

Ядвіга Гданьска: Калі мы кажам пра этнічных беларусаў — канечне, ёсць. Але мы адмыслова не цікавімся, хто якой нацыянальнасці. Гэта калі ў прыватных размовах усплывае раптам, хто ёсць хто. Вось у мяне нямецкія карані. Але ніякіх наёмнікаў, як кажуць, амерыканскіх там няма. Затое Барыслаў Бярэза — далёка не адзіны яўрэй у нас, і размаўляем мы спакойна на розных мовах. Мы не такія, як пра нас пішуць. Я рускамоўная ад нараджэння!

Еўрарадыё: Пэўны час таму камбат “Данбаса” Сямён Сяменчанка казаў мне, што баіцца, што вайна і смерці зробяць з яго звера. Вы не адчуваеце такой небяспекі?

Ядвіга Гданьска: Мы не народжаныя для вайны, гэта праўда. Ведаеце, вы проста не ўяўляеце сабе, якія цікавыя людзі цяпер побач са мной. Тут шмат інтэлігентных людзей, вельмі духоўных. Так, ёсць тыя, каго вайна зацягвае. І будзе шмат і пакрыўджаных, і абпаленых гэтай вайной, тых, хто прынясе яе ў сабе і не зможа з ёй справіцца. Нам жа потым яшчэ і скажуць “мы вас туды не пасылалі”. Гэта ўсё будзе. А колькі людзей будзе скалечаных. Што можа выратаваць? Дзякуй Богу, што ёсць капеланы — яны дапамагаюць ратаваць душы. А нам трэба будзе ствараць адмысловыя службы, каб выцягваць людзей з крызісу.

Еўрарадыё: Ці трэба столькі сіл і жыццяў класці на тое, каб трымаць гэты аэрапорт?

Ядвіга Гданьска: Гэта стратэгічны аб’ект, мы там знаходзімся не проста так. Гэта важная вышыня, і таму мы там замацаваліся, там стаім і чакаем наступнай каманды. І мы гатовыя да таго, каб перайсці да наступнага этапу.

Еўрарадыё: Раскажыце якую цікавую гісторыю з жыцця абаронцаў аэрапорта — вашага корпуса.

Ядвіга Гданьска: Ды там каго ні вазьмі — усе як тая гісторыя! Шмат 18-гадовых хлопчыкаў. Аднаго з такіх вывезлі з аэрапорта ў Пескі — у яго запаленне вачэй было, ён жудасна пакутаваў ад болю. Я некалькі дзён спрабавала лекаваць яго, але з лекаў былі толькі кроплі, а патрэбныя былі антыбіётыкі. Сілай выганялі яго ў шпіталь: “Не, я пайду да братоў у аэрапорт!” — крычаў. Ёсць хлопец, у якога 5-месячнае дзіця дома. Ёсць мужчына з Нацгвардыі — пра гэта, відаць, нельга расказваць. Ён тут ваюе ў час свайго адпачынку. Яшчэ адзін напісаў у Нацгвардыю рапарт, бо яны проста стаялі ў Львоўскай вобласці, і прыехаў сюды ваяваць. На жаль, там ён хутчэй за ўсё будзе аб’яўлены дэзерцірам, а чалавек ваюе. Але ў падраздзяленні, якога нібыта і не існуе. А чым не гісторыя наш ротны “Багема” — рэжысёр тэатра, інтэлігент, мае цэлую праграму, якой павінная быць Украіна і як яе неабходна адраджаць. У нас кожны баец — неардынарная асоба, і мне б хацелася, каб пра кожнага было сказана слова. Яны, канечне, скажуць: “Ай, не трэба!”, але я ведаю, што трэба…

                                 Проста байцы "Правага сектару"...

Еўрарадыё: А ваша гісторыя: як вашы родныя паставіліся да вашага рашэння паехаць на фронт?

Ядвіга Гданьска: Нават не ведаю, што вам сказаць… У шоку былі. Бачу мэту — не бачу перашкод. Са мной увогуле складана, і нічога добрага я пра сябе не раскажу — я галаўны боль для ўсіх маіх блізкіх. 

Фота з архіва Ядвігі Гданьскай, відэа: http://www.hromadske.tv/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі