Падобна да спробы сілавога ўварвання — польскія палітыкі пра мігрантаў на мяжы

Вялікая група мігрантаў была заўважаная на дарозе Мінск — Гродна / скрыншот відэа
Вялікая група мігрантаў была заўважаная на дарозе Мінск — Гродна / скрыншот відэа

З'явіліся першыя рэакцыі прадстаўнікоў польскай улады на відэа з мігрантамі, якія вялікай калонай ідуць у напрамку беларуска-польскай мяжы. Раней беларускі Памежны камітэт пацвердзіў, што гэта ўцекачы, і заявіў, што "на такі крок адчаю ўцекачоў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў".

"Па той бок мяжы ёсць жаданне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стралянінай і смерцямі", — заявіў у эфіры Польскага радыё віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык. Паводле яго слоў, ствараецца адчуванне, што на памежным пераходзе "Брузгі — Кузніца" "будзе спроба сілавога пераходу мяжы".

Пра падрыхтоўку масавага штурму польска-беларускай мяжы нелегальнымі мігрантамі заявіў і Станіслаў Жарын, прэс-сакратар міністра, які каардынуе працу польскіх спецслужбаў. Інфармацыю з мяжы ён назваў "вельмі трывожнай". Ён заўважыў, што ў групе мігрантаў пераважаюць маладыя мужчыны.

"Пачалася найбуйнейшая спроба сілавога ўварвання ў Польшчу", напісаў ён у Twitter.

Між тым, прадстаўніца Памежнай службы Польшчы заявіла выданню Onet, што памежнікі таксама не выключаюць штурму мяжы.

"Мы да яго гатовыя, але пакуль да яго яшчэ не дайшло", — сказала прадстаўніца ведамства.

Між тым, з'явілася інфармацыя, што супрацоўнікі Памежнага камітэта пачалі адціскаць мігрантаў з дарогі ў бок лесу. Акрамя таго, як паведамляе Sputnik Беларусь, на гэты ўчастак мяжы прыбылі вайскоўцы, падобныя па экіпіроўцы да байцоў УВ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі