Паэт Славамір Адамовіч вяртаецца ў Беларусь?

Пра сваё жаданне неўзабаве вярнуцца на радзіму аўтар верша “Забі прэзідэнта!” і палітычны ўцякач заявіў у інтэрв’ю Еўрарадыё напярэдадні свайго творчага вечара ў Варшаве. Сёння а палове на 19-ю ў Варшаве адбудзецца сустрэча з паэтам Славамірам Адамовічам. Славамір Адамовіч – аўтар 6 паэтычных зборнікаў, між іншых – “Плавільшчыкі расы” і “Каханне пад акупацыяй”. Адзіны беларускі паэт у найноўшай гісторыі, які амаль год адседзеў у турме за верш “(Забі прэзідэнта!”, 1995). Стваральнік руху “Правы рэванш” і арганізатар шэсця з агнямі ў Мінску. Напачатку 2000-х папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвегіі і атрымаў яго. Перад сустрэчай “Еўрарадыё” пагутарыла з паэтам.

Еўрарадыё: Славамір, якім лёсам Вы ў Варшаве? Вы доўгія гады хіба бязвыезна жылі ў Нарвегіі?

Славамір Адамовіч: Я рэалізую сваю ініцыятыву: аб’язджаю месцы баявой і працоўнай славы беларускай еўрапейскай дыяспары. Тыдзень быў у Вільні, а заўчора прыехаў цягніком у Варшаву. Я рыхтую кардынальныя крокі і прыехаў паглядзець, як землякі пачуваюць сябе ў Еўропе, збольшага выехаўшы не са сваёй волі.

Еўрарадыё:
Што за кардынальныя крокі Вы збіраецеся рабіць? Ці гэта таямніца?

Славамір Адамовіч:
Я думаю, надыходзіць пара вяртання. Я мушу гаварыць адкрыта і канкрэтна: там у той цудоўнай, багатай і ва ўсіх сэнсах прыдатнай да жыцця краіне я не знаходжу адпаведнага для сябе занятку. А гады ідуць, і трэба вырашаць. Тут гаварыць шмат не выпадае: я вярнуся дамоў.

Еўрарадыё: Што Вы будзеце рабіць у Беларусі? Мы Вас ведаем як паэта і кантраверсійнага грамадскага дзеяча.

Славамір Адамовіч:
Літаратура і журналістыка, жыццё ў інтэрнэт-прасторы – гэтым усім я валодаю, нікуды гэта не дзенецца, я займаюся гэтым кожную хвіліну. Разумею, што тут можна рабіць вельмі многія рэчы незалежна ад нейкіх інстытуцый. Але ёсць трывіяльнае і важнае пытанне, як падтрымліваць сваё фізічнае існаванне. Некалі Пушкін пры вестцы, што я з’ехаў у Нарвегію, сказаў у інтэрв’ю: “Славамір, вяртайся да маці на хутар”. Ён ведае мой род, наш хутар, нашу дзядзіну. Ён і сам вярнуўся ў свой родавы дом. Але яму прасцей у адным сэнсе: ён можа жыць, прадаючы карціны, распісваючы храмы. Тэкстамі выжыць на хутары цяжэй.

Еўрарадыё: Чаму Вы не прыжыліся ў гэтай файнай Нарвегіі? Новая айчына Вас адпрэчыла? Вы не ведалі мовы?

Славамір Адамовіч: Мову я ведаю, вучыўся два гады ў адмысловай школе для дарослых. Новая Айчына мяне адпрэчыла – занадта гучна сказана. Яна мяне, можа, і не прыняла, каб адкідаць. Я беларускі філолаг і беларускі літаратар, паэт. І я там не здолеў адбыцца ў гэтай якасці. А фізічная праца – я меў магчымасць ёй займацца і займаўся. Але калі ты здольны пісаць на беларускія тэмы і па-беларуску, і разумееш, што там ты гэтага рабіць не можаш... Зразумейце.

Еўрарадыё: А цяпер вершы пішуцца?

Славамір Адамовіч:
Дзякуй Богу, з гэтым усё ў парадку. Я магу пачытаць, калі будзе жаданне паслухаць.

Паслухаць Славаміра можна а 19.30 у варшаўскім Палацы культуры і навукі, уваход з боку вул. Маршалкоўскай, 12-ы паверх, aula D, Collegium Civitas.

Фота - Наша Ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі