Пагроза нацыянальнай бяспецы. Беларусаў сталі часцей дэпартаваць з Польшчы

Юрыстка Цэнтра беларускай салідарнасці Марына Грышчанка / Еўрарадыё
Юрыстка Цэнтра беларускай салідарнасці Марына Грышчанка / Еўрарадыё

"Мы заўважылі, што пасля пачатку вайны ва Украіне выпадкі дэпартацыі беларусаў з Польшчы пачасціліся, у тым ліку, з прычыны пагрозы нацыянальнай бяспецы", — расказвае юрыстка Цэнтра беларускай салідарнасці Марына Грышчанка.

Якую небяспеку мы ўяўляем для Еўропы? Чаму беларусаў дэпартуюць і што рабіць, калі просяць пакінуць Польшчу, а на радзіме чакае турма за пратэсты? Ніжэй адказы на гэтыя і іншыя пытанні.


Некалькі тысяч беларусаў прыехалі з Украіны без віз

Гэтыя людзі заехалі на падставе дазволу каменданта памежнай службы, па якім маглі знаходзіцца ў Польшчы 15 дзён. Меркавалася, што за гэты час яны неяк легалізуюць сваё знаходжанне.

Напрыклад, калі ў чалавека ёсць падстава для знаходжання (як варыянт — уз'яднанне з сям'ёй), можна было падаць заяву аб выдачы часовага віду на жыхарства. Часцей у людзей ніякай падставы для знаходжання ў Польшчы не было. Мінала 15 дзён, і людзі не ведалі, што рабіць.

З іншага боку, сказаць, што яны працягвалі знаходзіцца ў краіне зусім нелегальна, таксама нельга, бо антыкавідны шчыт падаўжае тэрмін падачы заяў на часовы від на жыхарства. Проста не ўсе ведалі пра гэта і не ўсе разумелі, як гэта працуе.

Атрымаўшы рашэнне, людзі маглі выехаць, каб пабачыць блізкіх у Беларусі. Разам з рашэннем аб дэпартацыі яны атрымлівалі рашэнне аб забароне ўезду ў Польшчу на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў.

Такіх выпадкаў было шмат.


Гэта можа ўплываць на візавую гісторыю?

У тэорыі не павінна, але на практыцы — так. Калі звесткі трапляюць у SIS [Шэнгенская інфармацыйная сістэма. — Заўв. Еўрарадыё].


Калі ў людзей на руках не было дакументаў, якія пацвярджаюць, што іх пераследвалі, іх спакойна адпраўляюць у Беларусь?

Дэпартацыя гэта не калі бяруць сілай і адпраўляюць у Беларусь. Чалавек атрымлівае рашэнне. На мяжы кажуць: "Вы знаходзіцеся нелегальна". Пытаюцца: "Ці бяспечна вам вярнуцца ў Беларусь?" Калі чалавек адказвае "не", пачынаюць разбірацца: "Хочаце падаць заяву аб прадастаўленні абароны?" Чалавеку могуць даць дазвол на знаходжанне з гуманітарных прычын альбо "талерантны" дазвол.


Некаторыя беларусы апынуліся ў закрытых лагерах для ўцекачоў

Гэта адзінкавыя выпадкі. Калі чалавек падае заяву аб прадастаўленні абароны ў Польшчы, ён не абавязаны жыць у лагеры. Калі ёсць падазрэнне, што іншаземец здзейсніў злачынства або яго звесткі фігуруюць у рэестры асоб, чыё знаходжанне непажаданае, асабліва з прычыны пагрозы нацыянальнай бяспецы, суд можа выдаць рашэнне, каб адправіць чалавека ў закрыты лагер.

Я вяду справу хлопца, які да 2020 года ніколі не бываў у Польшчы. У Беларусі актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, пасля чаго яму было небяспечна там заставацца. Ён выехаў у Польшчу, атрымаў дазвол на часовае знаходжанне, спакойна жыў.

Раптам яго адпраўляюць у закрыты лагер знаходжання для бежанцаў. Ён не разумеў, што адбываецца. Высветлілася, што яго звесткі фігуруюць у рэестры асоб, чыё знаходжанне на тэрыторыі Польшчы непажаданае. Праблема ў тым, што ў такім выпадку чалавек нават не можа даведацца, з якой прычыны яго туды ўнеслі.

Калі, напрыклад, чалавека ўносяць у гэты рэестр, бо ён парушыў правілы знаходжання ў Польшчы, ён можа падаць запыт да шэфа ўпраўлення па справах замежнікаў і атрымаць інфармацыю, з якой прычыны яго туды ўнеслі. Калі гэта няпраўда, ён можа запатрабаваць выпраўлення гэтых звестак.

У выпадку з пагрозай нацбяспецы нічога такога зрабіць нельга. Проста чалавека ўносяць у гэты рэестр. Ніхто не ведае чаму матэрыялы справы засакрэчаныя. Так, могуць падазраваць, што ён шпіён.

Не ведаю нават, як гэта пракаментаваць, але польскія службы маюць інструменты, каб любога замежніка прадставіць "пагрозай нацыянальнай бяспецы".

З закрытага лагера хлопца хацелі дэпартаваць. Ён падаў заяву аб прадастаўленні абароны. У перыяд разгляду заявы аб прадастаўленні абароны справа аб дэпартацыі прыпыняецца да моманту выдачы рашэння аб абароне. Увесь гэты час пакідаць лагер ён не мог.

Праз шэсць месяцаў ён мне патэлефанаваў і сказаў, што яго выпусцілі з лагера. Рашэння па абароне пакуль няма, але суд не працягнуў рашэнне трымаць яго ў закрытым лагеры. Цяпер ён можа перамяшчацца. Ён знаходзіцца ў працэдуры разгляду заявы аб прадастаўленні абароны, таму калі хлопец выедзе ў іншую краіну ЕС, яго вернуць у Польшчу.

Угроза национальной безопасности. Белорусов стали чаще депортировать из Польши
Марш "Народны ультыматум“ ў Мінску / Wikipedia.org

Дапусцім, чалавеку выдалі гуманітарную візу ў Польшчы. Ці можа быць такое, што, калі ён паедзе ў іншую краіну, не ЕС, і захоча падацца там на палітычны прытулак, яму адмовяць: маўляў, у вас ёсць ужо дакумент у Польшчы?

Трэба правяраць, як працуюць механізмы ў канкрэтнай краіне. Калі краіна з'яўляецца членам Дублінскага пагаднення (як, напрыклад, Нарвегія), то яго перавядуць у Польшчу. Астатнія выпадкі трэба правяраць, там могуць дзейнічаць свае правілы.


Некаторыя ж прымудраюцца неяк, заехаўшы з Украіны ў Польшчу і прабыўшы тут нейкі час, атрымаць статус абароны, бежанства і ўсяго астатняга ў Германіі. Як гэта магчыма?

Магчыма, у іх там жывуць блізкія сваякі. Ёсць шэраг правілаў, якія вызначаюць адказную за разгляд справы краіну. Адно з іх віза. Далей ідуць іншыя правілы: напрыклад, сям'я. Калі ёсць муж, у якога легальны статус у Германіі, справу могуць разгледзець у Германіі.


Падрабязней пра адмовы з прычыны пагрозы нацбяспецы

Быў выпадак: жанчына падала заяву аб прадастаўленні часовага віду на жыхарства. Ёй прыйшла адмова, бо яе звесткі фігуруюць у рэестры асоб, чыё знаходжанне непажаданае. Яна напісала абскарджанне, і ёй прыйшла інфармацыя, што яе туды ўнеслі з прычыны пагрозы нацыянальнай бяспецы.

Чаму так палічылі, незразумела, невядома, і ніхто сказаць не можа, бо матэрыялы справы засакрэчаныя. Жанчына прапрацавала ўсё жыццё выхавацелькай у дзіцячым садку: спачатку ў Беларусі, потым некалькі гадоў у Польшчы. У Беларусі былі непаўналетнія дзеці, яна выехала.

Даволі часта адрасатамі такіх рашэнняў з'яўляюцца самыя звычайныя людзі. З іх слоў з рэжымам яны ніяк не звязаныя. Вядома, што польская служба бяспекі выклікае такіх людзей на гутарку.


Ці рэальна даведацца, знаходзішся ты ў гэтай базе ці не?

Рэальна. Чалавек можа падаць запыт і спытаць: ці знаходжуся я ў гэтай базе і, калі так, то з якой прычыны.

Калі прычына — пагроза нацыянальнай бяспецы, на жаль, няма ніякіх інструментаў, каб гэта абскардзіць.

Калі раней такія выпадкі былі вельмі рэдкімі, то цяпер стандартна раз у месяц.
Вы пагражаеце нацбяспецы, а чаму — ніхто не ведае: матэрыялы засакрэчаныя.


Як беларусы робяцца небяспечнымі

Быў выпадак, калі жанчыну выклікалі на допыт. Яе дачка працавала пашпартысткай. Магчыма, таму яе і падазравалі ў сувязі з рэжымам. Яе пыталі, што яна думае пра вайну, як ставіцца да Украіны і гэтак далей.

Хлопец з лагера, пра якога я расказвала вышэй, кажа, што прычынай могуць быць... татуіроўкі. У яго вельмі шмат татуіровак. Не ведаю, ці ёсць там нейкі сэнс. Да яго аднойчы падышоў паляк, хацеў з ім пасябраваць. Хадзілі разам на піва, той пытаўся шмат пра татуіроўкі — потым мой кліент трапіў у лагер для бежанцаў.

Гэты хлопец лічыць, што, магчыма, нейкая татуіроўка паказвае на сувязь з якой-небудзь польскай групоўкай. Але ніхто пакуль не ведае, як насамрэч. Мы бачылі фатаграфіі нічога такога.


Абскардзіць нельга

Калі вам кажуць, што вы ўяўляеце нацыянальную пагрозу Польшчы, можна паспрабаваць абскардзіць сам факт, што матэрыялы справы засакрэчаныя.

Такія выпадкі складаныя, асабліва калі чалавек не можа вярнуцца ў Беларусь, бо там яму пагражае небяспека. Ён можа падаць заяву аб прадастаўленні абароны, але зноў жа якія шанцы?


Можна паспрабаваць з'ехаць у іншую краіну

Калі беларусу адмаўляюць у абароне, правяраецца, ці адпавядае чалавек наогул крытэрам прадастаўлення двух статусаў: дазволу на гуманітарнае знаходжанне і дазволу на знаходжанне з талерантных прычын. Магчыма, нейкі з гэтых статусаў можна будзе яму даць.

Наогул, сітуацыя з беларусамі новая. Яна з'явілася ў 2020 годзе. З моманту падачы заявы аб прадастаўленні абароны да моманту атрымання дазволу на "талерантнае" знаходжанне можа прайсці сем гадоў.

Раней гэтая схема была адпрацаваная на чачэнцах, якія ўцякалі ў Польшчу ад вайны. Былі выпадкі, калі ім адмаўлялі ў абароне, але прапаноўвалі некалькі статусаў. Вывучаючы гэты досвед, мы можам выказаць здагадку, як будуць працаваць з беларусамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі