Пакуль краіны ЕС для РБ закрытыя, расце колькасць рэйсаў з Мінска ў гарады РФ
Рэйсы з Самары ў Мінск будзе выконваць кампанія Red Wings
Расійская кампанія Red Wings адкрывае рэгулярныя рэйсы з Самары ў Мінск. Пра гэта расказалі ў мінскім Нацыянальным аэрапорце. Першы рэйс адбудзецца 18 лістапада. Палёт будзе доўжыцца каля 2,5 гадзіны. Самалёты Sukhoi Superjet будуць лётаць гэтым маршрутам раз на тыдзень у суботы. Квіткі ўжо ёсць у продажы.
У мінскім аэрапорце адзначылі, што Самара зробіцца другім кірункам Red Wings з Мінска. З вясны гэтая кампанія ўжо выконвае палёты па маршруце Уфа-Мінск-Уфа.
Расійскі кірунак застаецца адным з нямногіх, куды можна паляцець з Мінска. Еўрапейскія краіны закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх перавозчыкаў пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair у 2021 годзе. Пазней санкцыі супраць "Белавія" ўвялі ЗША. Для самалётаў з Беларусі па-ранейшаму адкрыты Турцыя, Егіпет, ААЭ. Праз санкцыі, паводле беларускіх дыпламатаў, узніклі праблемы з эвакуацыяй беларускіх грамадзян з Ізраіля. Але камерцыйны рэйс ім нейкім чынам арганізаваць удалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.