Лукашэнка патрабуе ад Belavia пашырыць геаграфію палётаў
У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" / @belavia_official
Аляксандр Лукашэнка паставіў Belaviа "стратэгічную задачу — пашырыць напрамкі авіязносін, даць людзям магчымасць лётаць па пытаннях бізнесу, на адпачынак, наведваць родных і гэтак далей". Пры гэтым цана на білеты мусіць быць "канкурэнтнай і не завоблачнай".
Пра гэта Лукашэнка гаварыў на нарадзе, прысвечанай працы транспартнага комплексу Беларусі ва ўмовах санкцый. Пра сітуацыю яму дакладвалі профільны віцэ-прэм'ер, міністр транспарту і камунікацый, кіраўніцтва чыгункі і Belaviа, паведамляе БЕЛТА
Праз санкцыі праблемы з лагістыкай паўсталі і ў прадпрыемстваў. Ёсць складанасці і з пастаўкамі камплектавальнікаў, і з продажам беларускай прадукцыі на экспарт. Паводле словаў Лукашэнкі, улады мусяць арганізаваць "сапраўды віртуозную лагістыку".
Ён папярэдзіў, што "прасцей, ва ўсякім выпадку ў найбліжэйшай будучыні, не стане". Таму Мінтранспарту трэба будзе штодня "дамаўляцца пра вагоны, кантэйнеры, прапускныя "вокны", канкурэнтныя тарыфы".
Неба еўрапейскіх краін закрылася для беларускіх самалётаў пасля інцыдэнту з бортам Ryanair у траўні 2021 года. Самалёт, які ляцеў з Афін у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў мінскім аэрапорце. Двое пасажыраў — былы рэдактар telegram-канала "Nexta" Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Сафія Сапега — былі затрыманыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.