Палітолаг: У Еўропы няма іншага выбару ў адносінах да Беларусі

Еўрарадыё: Адкуль у вас гэты ліст?

Дзяніс Мельянцоў: Гэты ліст быў распаўсюджаны на паседжанні працоўнай групы па Беларусі, якое прайшло ў Вашынгтоне. Гэта такая экспертная група, якую ініцыяваў “Freedom House”, таксама некалькі даследчыцкіх цэнтраў, якія базуюцца ў ЗША. Гэты ліст быў распаўсюджаны без нейкіх абмежаванняў на далейшае распаўсюджанне, таму я і выклаў яго ў сваім блогу.

Еўрарадыё: Кім канкрэтна быў распаўсюджаны гэты ліст, амерыканскім бокам?

Дзяніс Мельянцоў: Так, вядома.

Еўрарадыё: З аднаго боку, Еўропа цвердзіць пра тое, што мы цвёрда будзем стаяць на пазіцыях дэмакратыі, ніякіх перамоваў пакуль не выпусцяць палітвязняў, больш не трапім у гэтую пастку дыктатара, а тут, аказваецца, што недзе за кулісамі ідзе перапіска з канкрэтнымі абяцаннямі нібыта беларускіх уладаў па дэмакратызацыі беларускіх уладаў, якія, як вынікае з ліста, гатовыя прыняць Еўропа. Як вы гэта ўспрымаеце?

Дзяніс Мельянцоў: Фармальна перамоваў ніякіх няма і зараз. Калі ўзгадаць папярэдні цыкл нармалізацыі адносінаў у 2008 годзе, то яму якраз таксама папярэднічалі такія нефармальныя размовы, нефармальныя кантакты, пасля якіх стала магчымым вызваленне Казуліна і астатніх палітвязняў. Тое ж самае адбываецца і зараз.

Гэта не азначае, што ЕС ужо сеў за стол перагавораў з Лукашэнкам, ідуць нефармальныя кантакты з тым, каб прадэманстраваць беларускаму боку, што сапраўды, усе тыя даброты, аднаўленне стасункаў, магчымыя крэдыты і г.д., могуць мець месца толькі пасля таго, як у Беларусі не будзе палітвязняў.

Пакуль усе бакі (і беларускі і еўрапейскі) прытрымліваюцца гэтых нефармальных адносінаў. Беларускі бок пачынае выпускаць палітзняволеных, а з еўрапейскага боку пакуль ідуць падкрэсленыя мэсэджы, што фармальныя перамовы пачнуцца толькі тады, калі будуць вызвалены і рэабілітаваныя ўсе.

Еўрарадыё: Вы ўзгадалі папярэдні прыклад такіх жа перамоваў у 2008 годзе. Вы лічыце, што Еўропа пойдзе тым жа самым шляхам?

Дзяніс Мельянцоў: Я думаю, што ў Еўропы проста няма іншага выбару, як паўтараць тое самае, што было ў 2008 годзе. Я ўпэўнены, што гэты рух, гэты напрамак правільны. Давайце ўзгадаем, што вось такімі кантактамі, хай сабе нефармальнымі, ЕС удалося дамагчыся, каб ў Беларусі не было ніводнага палітзняволенага.

Другое, гэта было дасягнута, напэўна, прайшла ў мінулым годзе самая адкрытая і свабодная палітычная кампанія, калі і агітацыю дазвалялі, і дазвалялі апазіцыі размаўляць з народамі і г.д. Дынаміка разгортвання гэтай нармалізацыі была вельмі пазітыўнай. Беларусь была ўключана і ва “Ўсходняе партнёрства” і пачаліся кантакты паміж чыноўнікамі. Я думаю, калі б не было гэтага “выбуху” 19 снежня, то якраз удалося б дамовіцца і па гэтым часовым сумесным плане.

Давайце паглядзім, які адваротны бок, якая альтэрнатыва для Еўропы? Для Еўропы альтэрнатываў насамрэч няшмат. Яны могуць працягваць палітыку ізаляцыі, могуць уводзіць дадатковыя санкцыі, але ёсць таксама сярод еўрапейскіх палітыкаў такое меркаванне, што палітыка санкцый не прывядзе ні да чаго, а хутчэй за ўсё, рэжым беларускі проста закрыецца і яшчэ больш узмоцніць палітычныя рэпрэсіі ўнутры краіны. Такім чынам, была зроблена, як і ў мінулы раз, стаўка на паступовую палітыку ўцягвання, якая паказала, што, прынамсі, можна вызваліць палітычных зняволеных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі