Палітвязень Мікола Папека адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

Палітвязень Мікола Папека / novychas.online
Палітвязень Мікола Папека / novychas.online

Ужо былы палітвязень, журналіст Алег Груздзіловіч у гутарцы з Радыё Свабода расказаў пра абставіны свайго вызвалення. У сакавіку сёлета Груздзіловіч быў асуджаны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму нібыта за "арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх". Пасля 9 месяцаў за кратамі яго вызвалілі, цяпер ён у Літве.

Алег Груздзіловіч кажа, што пры вызваленні яму паставілі ўмову аб выездзе за мяжу. Ён жа пагадзіўся выехаць толькі з жонкай. Яму не дазволілі пакінуць пры сабе ніякіх запісаў, лістоў — "давялося ўсё знішчыць уласнымі рукамі".

"Мяне прыводзяць у маленькі вузенькі калідорчык, — успамінае журналіст. — Раптам я бачу жанчыну-супрацоўніцу. Кажуць: "Стойце, слухайце". Яна такім урачыстым голасам пачынае зачытваць акт аб памілаванні... Я быў гэтаму рады, бо прашэнне я падпісаў, але не падпісаў прызнання".

Калі Груздзіловіч адмовіўся, супрацоўнік пракуратуры сказаў: "Пішыце без прызнання".

"Мне дакладна вядома, што ў нас у калоніі тром чалавекам прапаноўвалі пісаць прашэнне, я ў іх ліку, — распавядае Алег Груздзіловіч. — Адзін чалавек пагадзіўся і прызнаў віну. Я пагадзіўся, але не прызнаў віну. Але яшчэ ёсць трэці, Мікола Папека з Брэсцкай вобласці, які цалкам адмовіўся. Сказаў, што яму засталося 3 месяцы і ён гатовы даседзець".

Папеку 60 гадоў. Ён — паэт, пчаляр з Пружанаў. Быў затрыманы ў лістападзе 2020-га за ўдзел у пратэстах. У чэрвені мінулага года Міколу Папеку асудзілі на 2 гады "хіміі". У пачатку красавіка 2022-га суд Мазырскага раёна пастанавіў замяніць "хімію" на 8,5 месяца ў калоніі агульнага рэжыму, якія ён з чэрвеня адбывае ў магілёўскай калоніі № 15.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі