Палітвязень Рыгор Кастусёў даслаў з-за кратаў верш пра "Валадарку"

Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё, архіўнае фота

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даслаў з-за кратаў верш, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". Верш прысвячаецца турме, у якой цяпер знаходзіцца палітвязень.

Валадарка, Валадарка
Колькі ў назве той тугі.
Дзе жыццё ідзе не шпарка
Быццам бы "на поўнагі".

Тут даўно ўсё змяшалась:
Час вякоў, што не забыт,
Лёсы ўсіх, каму дасталась
Паспытаць мясцовы быт.

У сценах гэтых гістарычных
Дух пакут ад даўніны.
Дуніна — часоў трагічных,
Коласа — начныя сны.

Ці прадставіць мог Пішчалаў,
Як тут доўгія гады
Усіх карала і знішчала
Сіла зла, людской бяды.

Два стагоддзі ўсё без зменаў
Адбываецца працэс.
І ў наш дзень да гэтых сценаў
Не дайшоў людскі прагрэс.

Ды надзеі не губляе
Годны люд, што тут сядзіць.
Волі сцяг шчэ залунае,
Каб свабодзе, праўдзе быць.

Кастусёў асуджаны на 10 гадоў калоніі па справе аб змове і спробе дзяржаўнага перавароту. У зняволенні ў Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго анкалагічнае захворванне.

Палітвязень знаходзіцца ў СІЗА №1 ("Валадарка", "Пішчалаўскі замак"). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі