Палітвязня Паўла Вінаградава пакаралі ШІЗА
Павел Вінаградаў / "Белсат"
Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). У канцы ліпеня актывіста перамясцілі ў аршанскую калонію. Гэта калонія вядомая тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму туберкулёзу, адзначаюць праваабаронцы. У Вінаградава таксама выявілі сухоты.
За месяц у аршанскай калоніі адміністрацыя ўстановы паспела скласці на Вінаградава тры рапарты. Адзін, да прыкладу, — за тое, што ён у неналежнай час прылёг на ложак. Ён адчуваў слабасць, расказвае "Белсат".
Раней яго пазбавілі працяглага спаткання за сон удзень. Ён быў прызнаны "злосным парушальнікам рэжыму". Праваабаронцам таксама стала вядома, што ў зняволенні Павел Вінаградаў схуднеў на 36 кілаграмаў.
Актывіста судзілі за пост у Facebook. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК: "распальванне сацыяльнай варожасці", "паклёп на прэзідэнта" і "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Суд асудзіў яго на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.