Палітзняволенай Вользе Брыцікавай дадалі тры гады калоніі

Вольга Брыцікава падчас пратэстаў 2020-га / gazeta.naftan.by

Вольга Брыцікава падчас пратэстаў 2020-га / gazeta.naftan.by

Палітзняволенай Вользе Брыцікавай дадалі тры гады калоніі, стала вядома праваабаронцам. Яе агульны прысуд складае цяпер шэсць гадоў зняволення.

Былую лідарку незалежнага прафсаюза "Нафтана" ў Наваполацку чарговы раз судзілі ў жніўні. Справу разглядаў Віцебскі абласны суд (суддзя Яўген Буруноў). Брыцікаву абвінавачвалі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "закліках да санкцый" і ў "распальванні іншай сацыяльнай варожасці або разладу". Вясной Брыцікава тым жа судом была асуджана на тры гады калоніі агульнага рэжыму нібыта за "распальванне сацыяльнай варожасці або разладу". Прысуд таксама стаў вядомы са спазненнем.

Вольга Брыцікава працавала на "Нафтане" начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў. У жніўні 2020 года яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі ў той час праходзіў сход працоўных з удзелам кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Тэртэля (цяпер ён старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў. У канцы 2020-га яе звольнілі, а ў 2021 годзе яна стала кіраўніцай незалежнага прафсаюза на "Нафтане" (незалежныя прафсаюзы ў РБ ужо знішчаныя).

Вольгу Брыцікаву неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". У 2022 годзе яна правяла ў зняволенні 105 сутак (з іх 75 — запар). У жніўні 2023 года Брыцікаву затрымалі зноў, на гэты раз распачалі крымінальную справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі