Папа Францішак не зможа прыехаць у Беларусь у 2018 годзе
Папа Францішак не зможа прыехаць у Беларусь у 2018 годзе. Праграма візітаў яго ўжо падрыхтаваная і нашай краіны ў ёй няма. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ распавёў кіраўнік беларускіх католікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Паводле яго слоў, 1 лютага з пантыфікам у Ватыкане сустракаліся біскупы з Беларусі, якія перадалі запрашэнне наведаць нашу краіну.
Кандрусевіч: “Біскупы запрасілі Папу наведаць Беларусь. Папа сказаў так, што на гэты год гэта ўжо немагчыма, бо праграма распісана. Але ён вельмі і вельмі хацеў бы прыехаць. І выказаў спадзяванне, што такая магчымасць будзе”.
Па словах Кандрусевіча, пантыфік прыгадаў, што яго ўжо запрашаў у Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Гаворкі пра магчымы візіт Папы Рымскага ў нашу краіну вядуцца каля дзесяцігоддзя. Лукашэнка асабіста сустракаўся з Папамі Бенедыктам XVI і Францішкам. Летась беларускі кіраўнік прапаноўваў правесці ў Беларусі сустрэчу Папы Рымскага і маскоўскага Патрыярха. У канцы мінулага года стала вядома, што восенню 2018-га пантыфік можа наведаць Літву. Узнікла надзея, што ён заедзе і ў Беларусь. Але гэтага не будзе. Да таго ж, як раней заяўлялася, візіт Папы Рымскага ў Беларусь мусіць быць узгоднены з кіраўніцтвам Рускай Праваслаўнай Царквы.