Партыя "Свабода" зліваецца з "Народнай Грамадой"

У бліжэйшыя месяцы адбудзецца аб'яднанне аргкамітэтаў і пройдзе ўстаноўчы з'езд. Лідэрам новай партыі будзе Мікалай Статкевіч Аргкамітэты беларускіх сацыял-дэмакратычных партый "Народная грамада" і "Свабода" вырашылі аб'яднацца. Лідэр "Народнай грамады" Мікалай Статкевіч патлумачыў гэта так:

"Мы лічым, што ўсе партыі левацэнтрысцкай скіраванасці павінны быць адной арганізацыяй. Аргкамітэтамі нас называць не трэба, гэта прыстаўка вымушаная. Гаворка ідзе пра незарэгістраваныя партыі. Хутчэй за ўсё, мы будзем схіляцца да назвы "Народная грамада", таму што яна зарэгістраваная па-за межамі Беларусі, яна мае статус у міжнародных сацыял-дэмакратычных структурах".

Сяргей Скрабец, лідэр партыі "Свабода", распавёў Еўрарадыё, хто, на яго думку, будзе лідэрам новага аб'яднання.

Сяргей Скрабец: "Гэта будзе высвятляцца на з'ездзе, але мы будзем прапанаваць Статкевіча. Бо ён з'яўляецца таксама яшчэ і адзіным кандыдатам (у прэзідэнты — Еўрарадыё) ад Еўрапейскай кааліцыі. А я ўжо не буду лідэрам".

На думку палітолага Юрыя Чавусава, сацыял-дэмакраты аб'ядноўваюцца яшчэ і таму, што паасобку ў іх не хапае сяброў для дзяржаўнай рэгістрацыі.

Юрый Чавусаў: "Хутчэй за ўсё, аб'яднанне значыць, што стратэгічных ці тактычных супярэчнасцяў паміж двума гэтымі фарміраваннямі няма. Гэта з аднаго боку. А з другога боку — хутчэй за ўсё, у патэнцыйных структураў не хапае рэсурсаў для таго, каб зарэгістраваць палітычную партыю. Я маю на ўвазе фармальную тысячу сяброў-заснавальнікаў партыі".

Збольшага, гэтыя дзве структуры з'яўляюцца аскепкамі сацыял-дэмакратычнага руху, які ў Беларусі славіцца гэтымі дзяленнямі, зліццямі і паглынаннямі. Гэта звычайны для сацыял-дэмакратычнага спектра працэс, кажа Юрый Чавусаў.


На здымку: Мікалай Статкевіч і Сяргей Скрабец

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі