Паслугі адваката могуць каштаваць як штраф за кіраванне машынай без правоў
Новы Адміністрацыйны кодэкс працягвае падкідваць новыя
сюрпрызы. Так, нечаканасцю для затрыманага можа стацца тое, што толькі
пасля трох гадзінаў утрымання чалавека ў аддзеле ўнутраных справаў, яму
абавязаны паведаміць: “Вы маеце права на адваката”.
У чым палягае такая несправядлівасць, тлумачыць адвакат Вера Страмкоўская:
“Чалавек можа быць затрыманы да трох гадзінаў для высвятлення асобы, праверкі дакументаў. І калі пасля гэтага ён будзе адпушчаны, то нават не лічыцца, што ён быў затрыманы. Яму не трэба агучваць ніякія правы і г.д.
Калі ўсё ж такі ён будзе больш за тры гадзіны затрымлівацца, то з гэтага моманту ён ужо лічыцца затрыманым. І цяпер яго затрыманне павінна адпавядаць усім правілам. Яму павінны агучыць ягоныя правы. І перш за ўсё — права на абаронцу”.
Клікаць адваката можна колькі заўгодна, але ён не прыйдзе, калі не дамовіцца з ім персанальна і не заплаціць. Па новым законе, затрыманаму, нават калі ў яго няма грошай, не абавязаны падаваць дзяржаўнага адваката.
Калі абвінавачаны не мае знаёмых адвакатаў, ён можа звярнуцца ў юрыдычную кансультацыю па месцы складання пратакола, дзе яму верагодна параяць абаронцу з улікам кошту справы.
Колькі каштуюць паслугі адваката? Дакладнай лічбы назваць нельга. Усё залежыць ад дамоўленасці з абаронцам. А ён ужо прызначае суму, улічваючы цяжкасць справы, яе навізну, працягласць, сярэдні ганарар па мясцовасці, уласную кампетэнтнасць.
Намесніца старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Таццяна Матусевіч паспрабавала падлічыць, колькі б яна ўзяла грошай за справу аб распале вогнішча ў недазволеным месцы:
“Абывацелю здаецца, што гэта вельмі простая справа! Пратакол складаўся на працягу 30 хвілінаў. А судовае разбіральніцтва цягнулася 45 хвілінаў. Што гэта за справа?
А пры гэтым не ўлічваецца падрыхтоўка адваката, пошук доказаў, тлумачэнні відавочцаў. За гэта таксама прымаецца аплата. Ну, колькі б я ўзяла грошай? За распал вогнішча… І чалавек лічыць сваё затрыманне незаконным… Ну, можа быць, тысяч 80”.
За такое правапарушэнне спаганяецца штраф да 370 тысяч рублёў. Абаронца Вера Страмкоўская мяркуе: кошт адвакацкіх паслугаў можа дасягаць і 300 тысячаў рублёў, а гэта параўнальна са штрафам за распал вогнішча ў недазволеным месцы.
Прыкладна такой жа сумы можа каштаваць выпас жывёлы каля чыгункі, адкрыванне дзвярэй падчас руху транспартнага сродку, самавольнае пахаванне, парушэнне тэрміну падачы дэкларацыі ў падатковую інспекцыю…
А ці хопіць адвакатаў для кожнага правапарушальніка? На аднаго беларускага абаронцу даводзіцца 5255 жыхароў нашай краіны, старэйшых за 14.
Якія яшчэ падводныя камяні хавае ў сабе новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях? Гаворыць юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў:
“Фізічная асоба ўжо не можа карыстацца паслугамі прадстаўнікоў ад грамадскасці.
Вялізная колькасць справаў будзе разглядацца цяпер судамі. З аднаго боку гэта добра, што будуць судовыя гарантыі абароны правоў і свабодаў грамадзянаў. Але з іншага боку – гэта сур’ёзнае адцягненне ад той працы, якой яны павінны займацца: разгляд крымінальных, грамадзянскіх і гаспадарчых справаў.
Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, што вельмі дзіўна, устанаўлівае адказнасць падлеткаў ад 14 гадоў. Раней было толькі з 16. Адказнасць узмацняецца літаральна за ўсё”.
ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:
За якія ж правапарушэнні накладаецца адміністрацыйная адказнасць? Вось некаторыя з іх:
- невыкарыстанне на працягу года зямельнага ўчастку, аддадзенага для сельскай гаспадаркі;
- курэнне ў забароненых месцах;
- перасячэнне чыгункі ў непрызначаным месцы;
- выкіданне смецця з акна транспарту;
- жорсткае абыходжанне з жывёламі;
- выгул хатняй жывёлы ў непрызначаным месцы;
- самавольнае спароўванне жывёлаў.
Максімальны штраф для фізічнай асобы – 1.550.000 рублёў. Для індывідуальнага прадпрымальніка – 6.200.000, для юрыдычнай асобы – 31.000.000. Для некаторых, відавочна, непад’ёмная сума. Застаецца адна надзея – на беларусаў, якія будуць выконваць законы.
Фота — magazines.russ.ru