Пасля выбуху на чыгунцы пад Мінскам у вышук аб'явілі траіх мужчын
Падрабязнасці здарэння на чыгунцы трымаюцца ў таямніцы (ілюстрацыйнае фота)
Пасля выбуху на чыгунцы пад Мінскам раніцай у вышук па ўсёй Беларусі аб'явілі некалькі мужчын. Не выключана, што здарэнне на станцыі Азярышча — дыверсія рэйкавых партызан, піша motolko.help. Шукаюць аўтамабіль і траіх мужчын.
Першае паведамленне пра здарэнне на чыгунцы з'явілася позна ўвечары 5 кастрычніка. Жыхары Калодзішчаў пісалі ў сацсетках, што чулі гук выбуху. Чулі яго і жыхары некаторых раёнаў Мінска (напрыклад, Уручча, дзе раніцай сілавікі пачалі апытваць людзей). Атрымліваецца, што ён адбыўся ў чацвер у 23:15-23:20. Афіцыйнай інфармацыі няма дагэтуль. Уначы мясцовыя жыхары бачылі каля чыгункі машыны ратавальнікаў, але тыя пра здарэнне не паведамлялі.
Пазней выбух на чыгуначнай станцыі Азярышча пацвердзіла "Супольнасць чыгуначнікаў" са спасылкай на ўласныя крыніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, пры выбуху быў пашкоджаны ўчастак чыгуначнага палатна і пераводу стрэлак. Вядома, што на згаданай станцыі перыядычна грузяць ці разгружаюць вайсковую тэхніку. Каля яе размяшчаюцца 120-я і 127-я брыгады сувязі, а таксама 56-ы полк сувязі.
Сілавікі ў РБ вельмі часта паведамляюць пра тэракт ужо пасля праведзеных затрыманняў. Відаць, яны працягваюць шукаць партызан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.