Пасольства Кітая не ведае, ці дэпартуюць рабочых, якія баставалі ў Беларусі
Кітайскія дыпламаты заяўляюць, што канфлікт у Добрушы вычарпаны.
Кітайскія рабочыя, якія ўчора страйкавалі, ужо вярнуліся ў Добруш на працу. "Канфлікт вычарпаны", — заяўляе кітайскае пасольства. У той жа час там не ведаюць, ці будуць адпраўленыя на радзіму ўдзельнікі акцыі пратэсту.
Як паведамляла Еўрарадыё, у чацвер на Гомельшчыне прайшоў масавы пратэст кітайскіх рабочых. Яны працуюць на будаўніцтве картоннага камбінату ў Добрушы і ім ужо тры месяцы не выдаюць заробак. У выніку раніцай 2 ліпеня каля 200 кітайцаў пешшу пайшлі праз Гомель у Мінск на сустрэчу з амбасадарам Кітая. Міліцыя суправаджала калону, але яе руху не перашкаджала.
Да 19-й гадзіны супрацоўнікі кітайскай амбасады здолелі ўгаварыць рабочых вярнуцца з Гомеля ў Добруш. Для гэтага былі падрыхтаваныя аўтобусы. На якіх умовах рабочыя пагадзіліся спыніць пратэст, пакуль невядома.
Жыхар Добруша пра кітайцаў: жывуць на фабрыцы, а іх начальства — у кватэрах
Фота: tut.by