“Паступаючы на дзяржаўную службу, здай іспыт на веданне дзвюх моваў”
Ніякіх юрыдычных перашкод ці канстытуцыйных супярэчнасцяў, каб прымаць законы адначасова і на рускай, і на беларускай мовах, няма. Для гэта дастаткова, каб чыноўнікі выконвалі патрабаванні закона “Аб мовах” і закона “Аб дзяржслужачых”, якія абавязваюць іх у роўнай меры валодаць абедзвюма мовамі.
Такое меркаванне выказвае былы старшыня Канстытуцыйнага суда, кіраўнік кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ Рыгор Васілевіч на круглым стале “Заканадаўства на беларускай мове” ў Палаце прадстаўнікоў.
Рыгор Васілевіч: “Трэба пачынаць з таго, што дзяржаўныя служачыя павінны выконваць патрабаванні законаў “А мовах” і “Аб дзяржаўных служачых” ― усе павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы. А яны, на жаль, звычайна не ведаць беларускую мову, чым парушаюць заканадаўства. Можа, прыйшоў час прыняць закон “Аб мовах” у новай рэдакцыі? Каб там было прапісана не так аморфна, як цяпер. Ідзеш на дзяржаўную службу ― здай іспыт на веданне дзвюх моваў. Атрымоўваючы грамадзянства, прадэманструй веданне хаця б на ўзроўні актыўнага разумення абедзвюх моваў”.
Прэтэнзіі да дзеючага закона “Аб мовах” у першага намесніка дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандра Лукашанца. Навуковец ўпэўнены, прыспеў час прыбраць адну “дробязь”, якая дазваляе абіраць, на якой з дзвюх дзяржаўных моў пісаць праект закона.
Аляксандр Лукашанец: “Вось гэтую ўстаўку “ці” трэба прыбіраць (у законе прапісана, што нарматыўна-прававыя акты могуць быць “па-руску і (ці) па-беларуску”. ― Еўрарадыё)”.
Да чаго наяўнасць гэта “ці” ў дужках прыводзіць, добра відаць з лічбаў, агучаных начальнікам Упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Наталляй Судзілоўскай.
Наталля Судзілоўская: “У 2017 годзе на Нацыянальна-прававым інтэрнэт партале быў афіцыйна апублікаваны на беларускай мове 131 нарматыўна-прававы акт. Сярод іх толькі адзін закон, 56 прававых актаў прэзідэнта, 94 пастановы Савета міністраў, 66 актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і тры рашэнні мясцовых выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў”.
На гэта чыноўнікі кажуць, што перакладаць складаны юрыдычны дакумент з рускай мовы на беларускую — дорага.
“Калі ў нас такія фінансавыя праблемы, і гэта нібыта вельмі дорага, то давайце адразу рыхтаваць іх на беларускай мове. А потым паглядзім,ці знойдуцца грошы на падрыхтоўку рускамоўных варыянтаў!” ― троліць Аляксандр Лукашанец.
Фота: Еўрарадыё