А. Патупа: “Калі даражэе закуска, абавязкова павінна падаражэць і выпіўка”

З новага году дзяржава атрымае выключнае права на імпарт алкагольных напояў. Акрамя таго адменяць квоты на ўвоз спіртнога. Каму дзяржава даверыць права ўвозіць алкаголь у нашую краіну? Гэтае пытанне цяпер турбуе ўсе прадпрыемствы-імпарцёры, якіх сёння 34. І далёка не ўсе з іх глядзяць на сітуацыю аптымістычна. Так, на фірме “Ніксоф” мяркуюць, што іх прадпрыемства не патрапіць у лік спецімпарцёраў:

Супрацоўнік “Ніксоф”: “Я думаю, што калі гэта будзе адзін ці два спецімпарцёры, то на нашай працы гэта вельмі адаб’ецца. Мы проста страцім працу. Сітуацыя ў нашай краіне такая, што сёння пан, заўтра прапаў. Таму што там будзе, як там будзе — ніхто нічога не ведае. Усе думаем, усе хвалюемся, усе чакаем”.

Вельмі мала шанцаў застацца на рынку алкагольнай прадукцыі і ў фірмы “Оштэн”, як лічыць адзін з яе прадстаўнікоў:

Супрацоўнік “Оштэн”: “Канечне, гэта для нас не вельмі добрая вестка. Шанцаў мала ў нас застацца на рынку. Радасці ў нас мала”.

Рэакцыя сённяшніх імпарцёраў цалкам зразумелая. У Беларусі гэта не першы выпадак адмены квотаў і ўвядзення дзяржманаполіі на прадукты. Так ужо адбылося з цыгарэтамі і рыбай.

Начальнік упраўлення харчовых тавараў Міністэрства гандлю Любоў Язэпчык мяркуе, што скарачэнне колькасці імпарцёраў не адаб’ецца на цане спіртнога. Дый не можа быць, каб засталася толькі адна кампанія-імпарцёр:

“У нас разнастайная геаграфія ўвозу. Трэба глядзець, каб рынак меў прадукцыю з розных краінаў”.

А вось эканаміст Аляксандр Патупа лічыць, што з увядзеннем дзяржманаполіі цана на алкагольную прадукцыю значна ўзрасце. І на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны:

“Я думаю, што цэны вырастуць працэнтаў на 50. Па-першае, гэта звязана з падаражаннем сыравіны. Па-другое, дзяржава хоча хоць неяк кампенсаваць затраты, звязаныя з рынкам энерганосьбітаў. Алкагольны рынак заўсёды даваў вельмі вялікія ўклады ў бюджэт. І, відаць, трэба будзе з іх дапамогай кампенсаваць тыя страты, якія будуць панесены. Іх можна будзе вызначыць, хутчэй за ўсё, па выніках энергетычных перамоваў”.

Аднак афіцыйны бок заяўляе, што прычына адмены квотаў і стварэння інстытута спецімпарцёра алкагольнай прадукцыі звязаныя зусім з іншым. Перш за ўсё, так нашая дзяржава клапоціцца пра здароўе людзей. Намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун заявіў, што фармаванне “празрыстага” каналу паставак спіртнога ў Беларусь адмяжуе спажыўцоў ад фальсіфікаванай і сурагатнай прадукцыі.

Але Аляксандр Патупа знайшоў яшчэ адно вельмі простае тлумачэнне гэтай сітуацыі:

“Калі даражэе закуска, абавязкова павінна падаражэць і выпіўка”.

Фота — www.konf.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі