Павел Латушка: аўтарка "чорных спісаў" — Ірына Дрыга

Павел Латушка: аўтарка "чорных спісаў" — Ірына Дрыга

Аўтаркай "чорных спісаў" беларускіх музыкаў была Ірына Дрыга. Пра гэта экс-міністр культуры Павел Латушка распавёў у праекце "Тэлебудка". 

Латушка быў міністрам культуры ў 2009-2012 гадах. У гэты час якраз адбылася чарговая хваля забароны на выступы беларускіх музыкаў, а таксама кампанія супраць Свабоднага тэатру. Латушка запэўнівае, што ён змагаўся супраць існавання "чорных спісаў".

Аўтаркай "чорнага спісу" музыкаў ён называе Ірыну Дрыгу. Гэтая чыноўніца кіравала ідэалогіяй у Адміністрацыі прэзідэнта, а потым была першай намесніцай міністра культуры. 

"Калі быў уведзены так званы "чорны спіс" беларускіх выканаўцаў, гэта адбылося на нарадзе ў Адміністрацыі прэзідэнта пад старшынствам Радзькова, былі міністры сацыяльнага блоку, і ўсім Ірына Дрыга раздала аркушы без подпісу, куды былі ўпісаныя ўсе, хто забароненыя для выступленняў на канцэртах. Пасля гэтага пайшло змаганне. Я пераконваў Радзькова не аднойчы, што гэта памылка, што так нельга рабіць. Мяне падтрымаў Тозік, дарэчы. У мяне была гутарка з Макеем. І Макей праз нейкі час пагадзіўся, што трэба адмаўляцца ад гэтага спісу", — заяўляе Латушка.

Па яго словах, менавіта Дрыга і з'яўляецца аўтаркай "чорнага спісу" музыкаў.

Латушка згадвае, як "прабіваў" выступ гурта "Палац" у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў накіраваў яго з гэтым пытаннем у КДБ, якім тады кіраваў Вадзім Зайцаў

"Я пазваніў Зайцаву і сказаў, што даю персанальныя гарантыі, што канцэрт адбудзецца і там усё будзе нармальна. Ён сказаў: "Вы адказваеце персанальна". Я адказаў: "Няма пытанняў". І канцэрт адбыўся", — распавядае Латушка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі