Павел Севярынец напісаў заяву ў пракуратуру і Следчы камітэт на БТ
Апазіцыянер Павел Севярынец накіраваў заявы ў пракуратуру і Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту Мінска. Ён абскарджвае дзеянні Белтэлерадыёкампаніі, якая распаўсюдзіла звесткі, якія складаюць яго асабістую таямніцу
Паводле інфармацыі праваабарончага сайта "Вясна", палітык заяўляе, што 12 сакавіка 2017 года ў тэлепраграме “Званок сябру” былі распаўсюджаныя звесткі пра яго тэлефонную размову са Змітром Дашкевічам. Севярынец звяртае ўвагу, што Белтэлерадыёкампанія не толькі не прыняла меры супраць яго магчымай ідэнтыфікацыі пабочнымі асобамі, а наадварот — у эфіры было абнародавана фота с подпісам “П. Севярынец”.
Палітык лічыць, што дзеянні БТ з’яўляюцца незаконнымі і парушаюць Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, а таксама 28-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе права кожнага на абарону ад супрацьпраўнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, у тым ліку ад умяшальніцтва ў таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных альбо іншых паведамленняў, на яго годнасць і гонар.
Таксама, на думку Севярынца, дзеянні Белтэлерадыёкампаніі парушаюць артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які таксама абараняе чалавека ад адвольнага або супрацьпраўнага ўмяшальніцтву ў асабістае альбо сямейнае жыццё, ад парушэння таямніцы карэспандэнцыі альбо супрацьпраўнага замаху на яго гонар і рэпутацыю.
Севярынец просіць пракуратуру і Следчы камітэт правесці праверку, выявіць асобаў, па віне якіх было парушанае яго канстытуцыйнае права на таямніцу асабістага жыцця, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.