Павел Севярынец: З хіміі я вярнуся лепшым чалавекам
Адзін з лідэраў стваранай партыі БХД, які чакае адпраўкі на "хімію" за падзеі 19 снежня, распавядае пра свой лёс і планы.
Павел Севярынец збіраецца напісаць яшчэ адну кнігу, удасканаліць сваю веру, стаць мацнейшым палітыкам. Слухайце на прайгравальніку справа.
Еўрарадыё: Вы ўжо некаторы час знаходзіцеся ў Віцебску, чакаеце размеркавання на "хімію". Як праходзіць ваш час?
Севярынец: "Зараз найбольш сустракаю з Мінску гасцей, пішу раман, стараюся дапамагаць у партыйных справах і тым палітвязням, якія засталіся ў турмах".
Еўрарадыё: І як ідзе праца над раманам?
Севярынец: "Натуральна, што раман, які пішацца ўжо 6 гадоў, мусіць выйсці. Зараз я ўжо перапісваю чарнавікі і буду рыхтаваць да публікацыі".
Еўрарадыё: А як справы з БХД, з аргкамітэтам па стварэнні партыі?
Севярынец: "У нас у Віцебску нядаўна была нарада, абмяркоўвалі стратэгію партыі. Зараз галоўная наша задача — гэта вызваленне палітычных вязняў. Да таго часу, пакуль іх не вызваляць, натуральна, нельга спыняць ні падтрымку, ні малітву, ні пісанне лістоў. Бо столькі палітвязняў у Беларусі яшчэ не было. Гэтаму будзе і прысвечана прэсавая канферэнцыя, якая бліжэйшым часам абдудзецца ў Менску, якую будзе даваць Віталь Рымашэўскі.
Гэтаксама дапамагаць самаарганізацыі і салідарнасці акцый, якія зараз наладжвае беларускае грамадства. І рыхтавацца да чацвёртай спробы рэгістрацыі БХД".
Еўрарадыё: Як мяркуеце, падчас знаходжання на "хіміі" ў вас атрымаецца неяк актыўна ўключыцца ў працу партыі? Ці вы свае паўнамоцтвы перададзіце іншым сустаршыням аргкамітэта?
Севярынец: "У нас чатыры сустаршыні. Дастаткова збалансаваны склад. Частку маіх абавязкаў, звязаных з працай па рэгіёнах, з культурай, з інфармацыяй, могуць узяць паспяхова і іншыя сустаршыні, кіраўнікі. А я, па меры сілаў, буду дапамагаць у тых справах, якія змагу зрабіць. Бо пакуль невядомыя да канца ўмовы, якія будуць на "хіміі".
Еўрарадыё: Вашыя прагнозы, што далей будзе з нашай краінай?
Севярынец: "Я спашлюся на хрысціянскую класіку, ёсць у Льюіса вядомае выказванне: “Бог звяртаецца да чалавека шэптам любові, а калі ён не пачуты — то голасам сумлення; калі чалавек не чуе і галасы сумлення — то Бог звяртаецца праз рупар пакутаў”. Здаецца, што беларускі народ ужо на той мяжы, калі толькі праз рупар пакутаў эканамічнага крызісу, вялікага страху, нейкіх выпрабаванняў ён можа пачуць Бога. І калі гэта здарыцца, беларусы пакаяцца за сваю абыякавасць і цярпімасць да зла, калі гэтае пакаянне адбудзецца, тады няма сумневу, что адродзіцца і беларускі народ, і адродзіцца Беларусь".