Пазняк: рэжым адчайна шукае спосаб спыніць беларускі масавы рух
Рэжым адчайна шукае спосаб спыніць беларускі масавы рух, піша на сваёй старонцы ў Facebook лідар КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк. Ён мяркуе, што "ідзе псіхічнае нападзенне і палоханне грамадства". Пазняк заклікае беларусаў не палохацца. У чарговы раз ён заяўляе, што "мірная масавая няспынная дэманстрацыя цяпер, на гэтым этапе, ёсць зброя беларусаў". "Людзям неабходна захоўваць моц духа і спакой розуму, супакоіць неўраўнаважаных і не дапусціць правакацый (паленне пакрышак і т. п.), — піша палітык. — Час працуе на народ".
Зянон Пазняк зноў крытычна выказаўся пра ўльтыматум Святланы Ціханоўскай (патрабаванні — аб'яўленне да 25 кастрычніка Аляксандрам Лукашэнкам пра свой сыход, поўнае спыненне гвалту на вуліцах, вызваленне ўсіх палітвязняў). Ён лічыць, што гэта план палітыка Валерыя Цапкалы. "Быццам бы дыпламат, а ўсю дыпламатыю сапсаваў...", — так каментуе цяпер памяркоўны Пазняк радыкальныя заклікі Цапкалы.
Масавыя пратэсты ў Беларусі праходзяць ужо больш за два месяцы. Людзі пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, патрабуюць новых выбараў, спынення гвалту сілавікоў, вызвалення затрыманых і палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.