Пеня за пратэрмінаваную камуналку — 109,5% гадавых. Чаму так шмат?
Да 25 чысла кожнага месяца беларусы мусілі паднапружыцца і аплаціць камунальныя паслугі. Але калі раптам у вас няма чым плаціць? На суму доўга пачынае “капаць” штодзённая пеня ў 0,3%. Здавалася б, гэта дробязь. Але, калі прыгледзецца, 0,3% за дзень ператворацца ў 109,5% гадавых! Пад такі адсотак у Беларусі не крэдытуюць нават самыя нахабныя банкі.
Адкуль узялася гэтая лічба? Чаму так шмат?
Мы паспрабавалі даведацца пра гэта ў раэлікова-даведкавых цэнтрах. Але што ў Мінску, што ў рэгіёнах, адказы падобныя адзін на адзін як дзве кроплі вады:
“Я не зацвярджала гэтую лічбу, і не магу ведаць, адкуль яна ўзялася. У жыллёва-камунальным кодэксе, якім мы кіруемся, устаноўлена 0,3%, прычым, вельмі даўно. Чаму столькі — я не магу адказваць за міністэрства”.
Не ведае пра паходжанне лічбы нават намесніца міністра ЖКГ Марына Тоўсцік — мы датэлефанаваліся да яе падчас прамой лініі:
“Лічба прынятая пастановай Савета міністраў, дзе прапісаныя адсоткі. З чаго яны вылічваліся, на жаль, я вам не скажу. Але гэта фіксаваная стаўка, прадугледжаная за неаплату камунальных паслуг. Стаўка зацверджана адпаведнымі дакументамі, да якіх не прыкапаешся”.
Эксперт па ЖКГ Генадзь Калёнаў сцвярджае, што лічба ўзялася... з ніадкуль:
“Гэтая норма не можа быць разлічанай. Гэта норма стымулюючага характару, уведзеная дзеля таго, каб прымусіць грамадзян выконваць свае абавязкі. Гэта штраф. Каб яго пагасіць, чалавек можа пайсці і аформіць крэдыт пад значна меншую стаўку”.
Падобна на тое, што пеня ў 0,3% за дзень увогуле не абгрунтаваная нічым
Да такой высновы прыйшла і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Палітыка, якая таксама зацікавілася паходжаннем пені ў 0,3%. Яна мяркуе, што дзяржава мусіць перагледзець норму і прывязаць пеню да стаўкі рэфінансавання Нацбанка.
“Калі зыходзіць з таго, што заканадаўства мусіць усё ж па адзіных прынцыпах будавацца, то, напрыклад, у падатковым кодэксе пеня за несвоечасовую ці не ў поўным аб’ёме аплату падаткаў разлічваецца ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка. То бок, ёсць велічыня, якая адлюстроўвае стан эканомікі, узровень інфляцыі і г.д., да яе трэба і прывязвацца.
Я нідзе не знайшла азначэння, чаму менавіта 0,3% у дзень? Чаму не 0,5%, не 0,1%, чаму менавіта 0,3%? Хочацца зразумець, адкуль гэтая лічба. Пеня павінна быць, бо ёсць неплацельшчыкі за камунальныя паслугі, што прымушае камунальшчыкаў прыцягваць крэдыты, каб аплаціць цякучыя выдаткі — але гэта мусіць быць абгрунтавана”.
Па звестках на пачатак траўня, беларусы запазычыліся перад камунальнікамі на 154,9 мільёна рублёў.
Пеня ў 0,3% за суткі робіцца для некаторых беларусаў лёсавызначальнай. Людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, абрастаюць сумамі ў тысячы рублёў. Іх высяляюць з уласнага жылля, а дзяцей забіраюць у прытулкі. Нядаўна ў Мінску так выселілі сям’ю за доўг у 2300 рублёў, з якіх пеня — 900 рублёў. А шматдзетнай сям’і з Негарэлага далі арэнднае жыллё з чужым доўгам і пеняй, якія за два гады ператварыліся ў агульную запазычанасць у 5000 рублёў!
А трапіць у складаную жыццёвую сітуацыю нескладана — па звестках Федэрацыі прафсаюзаў, на 1 красавіка запазычанасць па заробках перад сваімі работнікамі мелі 165 прадпрыемстваў. А яшчэ месяц таму іх было 202.