Першая беларуска аформіла мацярынскі капітал
Кацярына Гучык нарадзіла двойню: “Што з грашыма будзем рабіць? Ну, тут яшчэ незразумела, іх жа толькі праз 18 гадоў можна выкарыстаць”.
Дакументы на мацярынскі капітал у раённых адміністрацыях пачалі прымаць у пачатку сакавіка. Кацярына Гучык стала адной з першых, чыю заяву задаволілі. Кацярына расказвае, як збірала і падавала дакументы: “Зусім нескладана было збіраць. Там іх няшмат трэба — пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні, пасведчанне аб заключэнні шлюбу. Занесла і ўсё”.
Мацярынскі капітал пачне працаваць у Беларусі толькі ў сакавіку
Кацярына чакае тры тыдні і даведваецца аб станоўчым рашэнні ад Еўрарадыё — яе тэлефон атрымліваю акурат пасля паседжання камісіі ў адной з раённых адміністрацый. Што з грашыма будзе рабіць, Кацярына пакуль не ведае. На мацярынскі капітал яны з мужам увогуле не разлічвалі. Яшчэ да студзеня мелі толькі аднаго сына, аднак у пачатку года ў шчаслівай пры нарадзілася двойня. А разам з ёй — права на 10 тысяч долараў.
“Што з грашыма будзем рабіць? Ну, тут яшчэ незразумела, іх жа толькі праз 18 гадоў можна выкарыстаць. Мы не планавалі пакуль. Вядома, хацелася б хутчэй атрымаць, палепшыць жыллёвыя ўмовы”.
Што гавораць улады
“На ўчарашні дзень у нас было пададзена 13 пакетаў дакументаў. Вось сёння раніцай на паседжанні разглядзелі пяць пакетаў — па ўсіх станоўчае рашэнне”, — расказвае начальніца Упраўлення сацыяльнай абароны Першамайскага раёна Мінска Вольга Васілеўская. Іншыя адміністрацыя пакуль толькі збіраюць дакументы, рашэнняў не прымалі. Вольга Васілеўская расказвае, што на разгляд пакета дакументаў сыходзіць прыкладна тры тыдні (паводле закону чыноўнікі маюць месяц). За гэты час правяраюць, ці былі рашэнні аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, адмене ўсынаўлення альбо ўдачарэння, ці не было фактаў забірання дзяцей з сям’і. Пакуль нікому не адмаўлялі.
Якія дакументы неабходна сабраць:
1. Пасведчанні аб нараджэнні дзяцей.
2. Пасведчанне аб заключэнні шлюбу.
3. Пашпарты бацькоў дзяцей.
4. Даведка з месца жыхарства аб складзе сям’і.
5. Ксеракопіі ўсіх дакументаў.
Важна таксама ведаць, што дакументы на афармленне мацярынскага капіталу можа падаваць толькі маці дзяцей. Паперы трэба аднесці ва Упраўленне сацыяльнай абароны свайго райвыканкама.