"Перспектыва" прапануе Макею абмеркаваць забарону на рэалізацыю піва

Правесці сустрэчу з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і абмеркаваць забарону на рэалізацыю піва ў дробнарознічным гандлі прапануе кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміру Макею рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва". Старшыня савета "Перспектывы" Анатоль Шумчанка нагадвае, што ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях рашэннем аблвыканкамаў забаронены продаж піва ў кіёсках і гандлёвых павільёнах. 21 верасня ў Мінску адбыўся "Усебеларускі саміт прадпрымальнікаў "За права прадпрымаць!" Па выніках мерапрыемства была прынята рэзалюцыя, тэкст якой накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. "Аднак адказу на нашы прапановы мы да гэтага часу не атрымалі", — адзначыў Шумчанка.

Паводле яго слоў, пытанне аб праблемах прадпрымальнікаў планавалі ўзняць члены Грамадска-кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта, пасяджэнне якога было намечана на 13 лістапада. "У сувязі з тым, што сённяшняе пасяджэнне не адбылося, а праца савета прыпынена на няпэўны тэрмін, мы вырашылі самі накіраваць наш зварот да Макея", — сказаў Шумчанка.

Ён падкрэсліў, што з-за забароны на рэалізацыю піва ў кіёсках і гандлёвых павільёнах прадпрымальнікі нясуць страты, а ўрад Беларусі "бяздзейнічае, забыўся пра гэтую праблему і спрабуе ўсё спусціць на тармазах", паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі