Піяршчык кампаніі Абамы: галоўная каштоўнасць беларускай апазіцыі — людзі

Еўрарадыё паразмаўляла з амерыканцам Джо Роспарсам (Joe Rospars), які распавёў пра таямніцы перамогі Барака Абамы на прэзідэнцкіх выбарах і пра магчымасці працы апазіцыі ў краінах з аўтарытарным рэжымам
Кампанія Барака Абамы была першая, дзе была каманда, якая не проста тэхнічна наладжвала кампутары, але сканцэнтравалася на выкарыстанні "новых медыяў" дзеля таго, каб прыцягнуць як найбольш людзей. І яна змагла дацягнуцца да мільёнаў з дапамогай новых СМІ: YouTube, электроннай пошты, блогаў, Facebook. Праграма Абамы была размешчаная на iPhone, каб карыстальнікі маглі кантактаваць і вербаваць людзей, заклікаць усіх галасаваць за яго. Дарэчы, на самым пачатку ў каманды былі толькі тры смартфоны.

13 мільёнаў амерыканцаў падпісаліся на email-рассылку ад кампаніі Абамы, а гэта 1/6 частка тых, хто прагаласаваў на выбарах. На Youtube было загружана 1,2 млн хвілін відэа. 6,5 мільёнаў долараў было сабрана ў падтрымку Абамы онлайн. 

Вось так трое маладых людзей на чале з Джо Роспарсам распрацавалі стратэгію, якая прывяла Барака Абаму праз інтэрнэт у Белы дом.

Джо Роспарс: "Я пачаў працаваць на Абаму з першага дня кампаніі, і напачатку ў нас не было ніякіх агульных дадзеных пра тое, хто і колькі яго падтрымлівае ў інтэрнэце на нацыянальным узроўні, распавядае Еўрарадыё піяршчык. — Але гэта ўпісвалася ў нашую канцэпцыю арганізацыі "знізу ўверх", якую мы адразу і сталі ўжываць. Напачатку ў нас былі дадзеныя па некалькіх дзесятках тысяч людзей у Чыкага, з якімі мы мелі электронны кантакт, і паступова гэты спіс стаў расці, дасягнуўшы неверагодных памераў. Гэта было вельмі прыемна назіраць". 

Джо Роспарс трапіў у каманду Абамы проста праз сумоўе.

Джо Роспарс: "Мяне нанялі вельмі проста — правялі інтэрв'ю і запрасілі. Напачатку я вымушаны быў сысці з сваёй кампаніі Blue State Digital, але потым кампаніі запрапанавалі рэалізацыю інтэрнэт-стратэгій, і мы ўз'ядналіся".

Еўрарадыё: — Ці можна казаць пра тое, што "новыя медыі" могуць мець большую папулярнасць і ўплыў у параўнанні з традыцыйнымі?

"Павінен быць баланс паміж "новымі" і традыцыйнымі медыямі. Гэта пытанне дапаўнення, а не выбару", кажа Джо Роспарс.

Еўрарадыё: — То бок, самі блогеры не змаглі б правесці кампанію?

Джо Роспарс: "Не, канечне. Насамрэч, калі вы правільна рэалізуеце інтэрнэт-стратэгію, то гэта наадварот, прыцягвае ўвагу традыцыйных медыяў, і ваш уплыў праз іх робіцца нашмат большым".

Еўрарадыё: — А што дапамагло вам перамагчы ў кампаніі?

Джо Роспарс: "Усе людзі адчувалі інфармацыйны голад — людзі любой расы, узросту ці матэрыяльнага становішча, носьбіты розных моваў. Усе яны хацелі весці палітычны дыялог, удзельнічаць у дыскусіях пра будучыню краіны. Яны сустракаліся на ўзроўні невялікіх супольнасцяў, размаўлялі з суседзямі, знаёміліся і дзяліліся досведам — і менавіта гэта было важным складнікам кампаніі, болей важным, чым абстрактнае пытанне эканомікі або расы". 

Еўрарадыё: — Але выбары скончыліся. Засталіся валанцёры, напрацаваныя рэсурсы, інструменты. Ці будзе гэта ўсё неяк далей выкарыстоўвацца?

Джо Роспарс: "Інструменты ўсё яшчэ існуюць. Калі вы пойдзеце на старонку barackobama.com сёння, то там усё яшчэ існуюць усе гэтыя арганізацыі мясцовай супольнасці, яны ўсё яшчэ актыўныя, вядуць размовы. Бо тыя сувязі, якія былі пабудаваныя паміж імі, больш трывалыя за любую палітычную кампанію. Гэтыя людзі сустракаюцца, размаўляюць пра мясцовыя выбары, пра мясцовыя арганізацыі, якія дапамагаюць бяздомным, пра тое, як дапамагчы ветэранам афганскай і іракскай вайны. Інструменты засталіся, але галоўнае — гэта не інструменты, а менавіта сувязі паміж людзьмі". 

Еўрарадыё: — Новыя медыі дапамаглі Абаме перамагчы, але як працаваць ў абмежаваных умовах — напрыклад, у Беларусі, дзе развіццё інтэрнэту не на такім высокім узроўні, а ўлады могуць абмяжоўваць доступ да пэўных інтэрнэт-старонак?

Джо Роспарс: "Вядома, падпольныя тэхналогіі будуць заўсёды адставаць па якасці, а ўлады заўсёды будуць спрабаваць іх прыгнятаць. Аднак тэхналогія — гэта не праблема і не пытанне. Вам, вядома, трэба знайсці адпаведную тэхналогію, але як бы вы ні рабілі сваю справу, вашая галоўная каштоўнасць — гэта людзі. Інвестуйце ў наладжванне кантактаў паміж людзьмі, у стварэнне супольнасцяў. Бо нават тады, калі адзін з іх не зможа ўвайсці на сайт і атрымаць з яго паведамленне, то нехта іншы яму гэта паведаміць — той, хто мае да яго доступ. Калі паміж людзьмі існуюць сувязі, то ніякая барацьба з тэхналогіямі не зможа іх перарваць, інфармацыя будзе распаўсюджвацца". 

Еўрарадыё: — Зараз вашая кампанія займаецца негатыўным піярам супраць скрайне правай Брытанскай нацыянальнай партыі (БНП) падчас выбараў у Еўрапарламент. Як вы выбіраеце, на каго працаваць, і як гарантаваць, што вашая тэхналогія не патрапіць у кепскія рукі?

Джо Роспарс: "Вядома, мы не можам засцерагчыся супраць выкарыстання тэхналогій у кепскіх мэтах. Тэхналогія — гэта тэхналогія, ёю можа скарыстацца хто заўгодна. Але мы самі, кампанія Blue State Digital, працуем толькі на "добрых хлопцаў". Мы працуем на шэраг няўрадавых арганізацыяў, прафсаюзаў — некаторыя праекты вялікія, некаторыя вельмі вузка скіраваныя... Працаваць на Абаму і на кінафестываль, скажам, — зусім розныя рэчы.

У Вялікабрытаніі не столькі змагаемся з БНП, колькі будуем грамадзянскую супольнасць. Бо прычына, па якой БНП, вельмі, вельмі правая, ультранацыяналістычная партыя, мае зараз магчымасць выйграць месца ў Еўрапейскім парламенце — гэта не тое, што яны папулярныя, а тое, што яўка на такія выбары звычайна вельмі нізкая. Такім чынам, мы спрабуем не агітаваць супраць, а аб'яднаць тых, хто не падтрымлівае гэтую партыю — людзей, якія шануюць талерантнасць, маюць бачанне аб'яднанай Еўропы. Арганізаваць іх, каб яны прыйшлі на выбары".

На здымку: Joe Rospars (другі злева) са сваёй камандай 


Фота daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі