Плешчаніцы абганяюць сталіцу па ўзроўні жыцця?

Пасля таго, як прэзідэнт паабяцаў “паглядзець на Плешчаніцы”, тут з’явілася суперкацельня, прыўкрасная сталоўка і мініхлебазавод. А афіцыйны заробак імкнецца да ўзроўню мінскага. Заяву праверыць дабрабыт людзей у Плешчаніцах Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сустрэчы са студэнтамі журфака БДУ у студзені мінулага года. Дзяўчынка з Плешчаніцаў пажалілася прэзідэнту, што ў горадзе шмат спецыялістаў, а працаваць няма дзе. Аляксандр Рыгоравіч разважыў: “Паглядзім на Плешчаніцы, добра…” 
 
З таго часу мінула больш за восем месяцаў, і Плешчаніцы проста-такі каўбасіць ад афіцыйнага росту эканамічных паказчыкаў і дабрабыту жыхароў.  Намеснік старшыні лагойскага  райвыканкама па пытаннях эканомікі Разалія Рускевіч расказала нам пра тое новае, што з’явілася ў Плешчаніцах  у апошні час. І гэта новае ўражвае.

Разалія Рускевіч: “Пытанні, якія мы вырашылі за апошнія паўгады, вырашыліся б і без гэтай студэнткі. Гарадскі пасёлак Плешчаніцы і так пераўвасабляецца штодня. Сюды трэба прыехаць і проста паглядзець.

Ужо некаторы час працуе цудоўная кацельня, на мясцовых відах паліва, адна з лепшых кацельняў у Мінскай вобласці. Ацяпляе ўсе Плешчаніцы. Заканчваем будаўніцтва яшчэ адной новай кацельні, аналагаў ёй у краіне няма. Кошт гэтага аб’екта больш за два мільярды беларускіх рублёў.

Толькі што здалі прыўкрасную сталоўку, вельмі прыгожую, можа быць, нададзім ёй статус рэстарана. Скончылі рамонт чатырох крамаў, кандытарскага цэха, з Лагойску пераводзім туды мініхлебазавод. 24 верасня быў пуск газаправода.

У гэтым годзе плануем газіфікаваць яшчэ 800 кватэраў. Вядзецца капітальны і цякучы рамонт амаль усіх аб’ектаў адукацыі. Лякарня рамантавалася. Адзіная праблема сёння – гэта асфальтаванне асноўнай вуліцы. Але і гэта пытанне амаль вырашана. На кожнага жыхара Плешчаніцаў патрачана больш сродкаў, чым у Лагойску”.

Выходзіць, што прымаўка: “У Беларусі тры сталіцы: Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы” – робіцца ўсё больш актуальнай. Гэта далёка не ўсе змены ў гарадскім пасёлку, пра якія стала вядома “Еўрарадыё”. Новых прадпрыемстваў у Плешчаніцах не дадалося, а вось заробкі выраслі як на дрожджах. 

Па інфармацыі райвыканкама, на ОАО  “Плешчаніцылес” працаўнікі у сярэднім маюць па 862 тысячы беларускіх рублёў.  На заводзе па апрацоўцы металу “Кобальт” – а гэта адно са слабых прадпрыемстваў Плешчаніцаў – 701  тысячу рублёў. А ў мясцовым аўтапарку зарабляюць аж па 978 тысячаў 600 рублёў.

Мы датэлефанаваліся на той самы заможны аўтапарк. Вось што нам расказала касірка.

Касірка: “У мяне заробак 400 тысячаў, было 360. Не ведаю, ці задаволена я жыццём, але з’язджаць не збіраюся. Працу знайсці ў Плешчаніцах можна, прадаўцом, прыбіральніцай. Але ў асноўным людзі ездзяць працаваць у Бараўляны санітаркамі”.


Кажуць, і прырода ў Плешчаніцах не горшая за розныя там Карыбскія выспы. Таму тут можна поўным ходам развіваць турызм. Гэты тэзіс нам пацвердзіў удзельнік зімовай Алімпіяды ў Солт-лейк-Сіці лыжнік Аляксандр Шалак.      

Аляксандр Шалак: “Нарадзіўся я ў Плешчаніцах. З’ехаў адсюль, калі паступіў у інстытут і патрапіў у зборную Беларусі. Потым стварыў  у Мінску сям’ю. У Плешчаніцах стала нашмат лепш. Зрабілі запаведную зону, прыгожыя і чыстыя мясціны”.

Еўрарадыё: “Ці хочаце вярнуцца назад?”

Аляксандр Шалак: “Не ведаю, мала працы, каб нармальна жыць. Вельмі маленькія заробкі. Большасць людзей ездзіць працаваць у Мінск. Мама ў Плешчаніцах зарабляе  прадаўцом 400 тысячаў”.

Такім чынам, рост дабрабыту ў Плешчаніцах не такі відавочны. Але, як бы там ні было, і ласю зразумела, што гэта абраны Богам населены пункт. Толькі і жыхары, і мясцовыя ўлады не задаволеныя тым, што статус Плешчаніцаў – гарадскі пасёлак.

Намеснік старшыні райвыканкама Разалія Рускевіч: Гадоў каля 40 таму быў Плешчаніцкі раён.  Але потым Лагойск зрабілі цэнтрам Лагойскага раёну. І па сённяшні дзень людзі крыўдзяцца, чаму не Плешчаніцы, а Лагойск”.

“Еўрарадыё” будзе сачыць за імклівым развіццём Плешчаніцаў.

На фота ўверсе: старшыня Мінскага аблвыканкаму Л.Крупец запальвае сімвалічны факел газіфікацыі Плешчаніцаў.
Фота з газеты "Мінская праўда" і Tutulkin.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі