Польшча адкрывае свой рынак працы для беларусаў
Чым гэта выклікана і ці кожны можа атрымаць працу ў Польшчы – высьвятляў наш карэспандэнт Алег Мілевіч у аналітыка рынку працы з „Gazety Wyborczej” Марка Вэльгі.
Алег Мілевіч: “Спадар Вэльга, чым было выкліканае такое рашэнне міністра працы?”
Марк Вэльга: “Адплывам
польскіх працаўнікоў у краіны Заходняй Еўропы: пасля адкрыцця межаў шмат
работнікаў, асабліва будаўнікоў, выехалі туды, дзе лепей плацяць. Таму ў
Польшчы узнік недахоп работнікаў, і працадаўцы пачалі націскаць на ўрад, каб
той дазволіў наймаць замежнікаў у Польшчу.
Найахвотней прынялі б суседзяў – беларусаў,
расейцаў, украінцаў. Важна, што Міністэрства працы заявіла, што гэтыя палёгкі
будуць датычыць не толькі будаўніцтва, але і ўсіх галінаў гаспадаркі.
Кожны
працадаўца, які хацеў бы наняць, напрыклад, беларусаў, зможа запрасіць іх у
Польшчу два разы па тры месяцы на год без усялякіх дазволаў і даплатаў. Умова
адзіная: працадаўца дэкларуе, што прыняў на працу гэтую асобу”.
Алег Мілевіч: “А
як беларусы даведаюцца пра такую прапанову – папрацаваць у Польшчы без
бюракратычныз перашкодаў?”
Марк Вэльга: “Часам
мы пра гэта нават не ведаем, але кантакты польскіх і беларускіх фірмаў існуюць
здаўна. І як толькі з’явіцца такая магчымасьць, узнікнуць фірмы, якія будуць спецыялізавацца
ў наборы працаўнікоў для польскага рынку працы.
Гэта ў нас ужо дзейнічае –
фірмы робяць набор для Вялікай Брытаніі, Ірландыі, іншых краінаў Еўрасаюзу”.
Алег Мілевіч: “Ці
ёсць верагоднасць, што гэтае распараджэнне не ўвойдзе ў жыццё?"
Макр Вэльга: "Якраз цяпер ідуць перамовы з прафсаюзамі ды арганізацыямі працадаўцаў, але міністэрства працы сцвярджае, што пытанне практычна ўжо вырашанае, і ў траўні гэтае распараджэнне міністра працы набудзе законную моц”.
На фота: Marek Wielgo.
Фота: Kamil Wróblewski / TOK FM