Польшча пачала будаўніцтва электроннага бар'ера на рэках уздоўж мяжы з Беларуссю
На польска-беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота
На рэках Свіслач і Істачанка ў Падляскім ваяводстве Польшчы на мяжы з Беларуссю пачынаюцца работы па ўладкаванні электроннага бар'ера. Пра гэта паведамляе рэсурс RMF FM. З'яўленне гэтага бар'ера стане яшчэ адным крокам па ўмацаванні мяжы ў сувязі з міграцыйным крызісам, які справакаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Ужо падрыхтаваны будаўнічыя пляцоўкі. На іх завезлі слупы, на якіх будуць мацаваць датчыкі. Гэтыя электронныя прылады дапамогуць адсочваць незаконныя пранікненні. Мяркуецца, што даўжыня воднага электроннага бар'ера складзе 47 кіламетраў.
Адначасова польскія ўлады абмяркоўваюць пытанне, як умацаваць існуючы памежны плот. За час яго эксплуатацыі выявілася праблема. З-за таго, што ён вельмі высокі, мігранты навучыліся разгінаць вертыкальныя металічныя жэрдкі пры дапамозе аўтамабільных дамкратаў. Рэсурс піша, што пры дапамозе дамкрата стварыць дзірку ў плоце можна ўсяго за 20 секунд. Па словах кіраўніка памежнай службы Роберта Багана, прынята рашэнне ўсталяваць на пралётах плота некалькі дадатковых папярочных бэлек.
Раней паведамлялася, што Польшча вылучае на мадэрнізацыю пяціметровага плота на мяжы з Беларуссю 375 мільёнаў долараў. Гэты плот быў усталяваны ў 2022 годзе ў разгар міграцыйнага крызісу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.