Польшча пацвердзіла, што не пускае аўтамабілі з Беларусі без уладальніка

Пункт пропуску "Тэрэспаль"

Пункт пропуску "Тэрэспаль" / bvn.by

Уезд у Польшчу на аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй без яго ўладальніка немагчымы. Гэта пацвердзіла польская мытня, піша Reform.news. Рэсурс скіраваў запыт у Мытную службу і атрымаў адказ: абмежаванні ўведзеныя з улікам дапаўненняў, унесеных у рэгламент Еўрасавета № 765/2006. Гэтым дакументам рэгулюецца санкцыйны рэжым у дачыненні да Беларусі. Дапаўненні былі ўнесеныя 29 чэрвеня 2024 года. Імі, сярод іншага, прадугледжаная забарона на імпарт у краіны Еўрасаюза шэрагу тавараў. У спісе ёсць і аўтамабілі.

Рэгламент дапускае ў выглядзе выключэння дазваляць уезд на тэрыторыю ЕС аўтамабіляў з Беларусі пры выкананні пэўных умоваў. "Кампетэнтныя органы, дзейнічаючы ў адпаведнасці з арт. 1 параграфа 5 могуць дазволіць, на тых умовах, якія яны лічаць мэтазгоднымі, уезд транспартнага сродку, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, які мае сапраўдную візу або від на жыхарства, што дазваляе ўезд у ЕС. Падводзячы вынік, уезд на зарэгістраваным у Беларусі транспартным сродку без яго ўладальніка немагчымы", — гаворыцца ў адказе Мытнай службы Польшчы.

Напярэдадні ў чатах, дзе абмяркоўваецца перасячэнне мяжы, з'явілася інфармацыя пра забарону ўезду ў Польшчу аўтамабіляў з Беларусі, калі ў машыне няма ўласніка аўто. Уладальніку неабавязкова быць за рулём. Праезд па даверанасці немагчымы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі