Польшча стварае на мяжы з Беларуссю новы батальён
Польскія вайскоўцы на мяжы з Беларуссю / ілюстрацыйнае фота @Zelazna_Dywizja/Twitter
На мяжы з Беларуссю ў польскім Аўгустове ствараецца новы сапёрны батальён. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. "Гэта яшчэ адна ваенная частка, якую мы будуем з нуля, і, запэўніваю вас, не апошняя", — напісаў ён Twitter. Выданне Fakt адзначае, што новае баявое падраздзяленне ствараецца для аховы Сувалкскага калідора — сухапутнай тэрыторыі паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі. Міністр Блашчак ужо заклікаў палякаў уступаць у батальён. "Я спадзяюся, што маладыя жыхары Аўгустова і наваколля далучацца да польскага войска, да сапёрнага батальёна, які будзе створаны сёлета", — сказаў ён.
Нагадаем, летась Савет міністраў Польшчы зацвердзіў праграму ўзмацнення Узброеных сіл Польшчы на 2023-2025 гады. У ёй прадугледжана прыкметнае ўмацаванне ўсходняга флангу НАТА. У канцы мінулага тыдня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін шмат казаў пра "польскую пагрозу" і паабяцаў адказ "усімі наяўнымі ў нас сродкамі". А Аляксандр Лукашэнка, які ў гэтыя выходныя прыляцеў да Пуціна ў Санкт-Пецярбург, паведаміў, што ПВК "Вагнер" рвецца ў Польшчу, і ён вымушаны "стрымліваць" падраздзяленні расійскіх наймітаў ад гэтага кроку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.