Польская апазіцыя заяўляе пра фальсіфікацыю выбараў

У Варшаве ў суботу, 13 снежня, прайшоў шматтысячны мітынг, удзельнікі якога абвінавацілі ўладу ў фальсіфікацыі мясцовых выбараў, паведамляюць замежныя інфармагенцтвы.  

Партыя “Права і справядлівасць” арганізуе маршы 13 снежня ўжо некалькі гадоў. Звычайна яны прымеркаваныя да падзеяў 13 снежня 1981 году, калі ў Польшчы было ўведзена ваеннае становішча. Сёлета акцыя мела яшчэ адну нагоду — гэта быў пратэст супраць сфальсіфікаваных выбараў.

Удзельнікі акцыі абвінавацілі ўлады ў ціску на суды і ў невыкананні правоў парламенцкай апазіцыі. Таксама маніфестанты заяўлялі, што СМІ цалкам кантралююцца ўладай і з’яўляюцца крыніцай хлусні і маніпуляцый.

Паводле Gazeta Wyborcza, у акцыі прыняло ўдзел каля 30 тысяч чалавек.

Мясцовыя выбары адбыліся ў Польшчы ў лістападзе. Пасля вялікіх праблем з падлікам галасоў апазіцыя абвінаваціла ўладу ў фальсіфікацыі выбараў, паабяцала вывесці людзей на вуліцы і абскардзіць вынікі галасавання ў еўрапейскіх інстытуцыях.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі