Польскія памежнікі: беларусы пілуюць "балгаркамі" дзіркі ў плоце на мяжы
Беларускія памежнікі робяць "балгаркамі" дзіркі ў плоце на мяжы з Польшчай. Праз гэтыя дзіркі на тэрыторыю Польшчы трапляюць нелегальныя мігранты. Пра гэта ў інтэрв'ю РАР заявіла прэс-сакратар памежнай службы Польшчы Ганна Міхальская.
Мігранты, затрыманыя на польскім баку, распавялі, што супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў не толькі падвозяць іх да мяжы, але і дапамагаюць пераадолець плот. Праз дзіркі, зробленыя ў плоце, яны прапускаюць па два-пяць чалавек, а на забалочаных тэрыторыях — нават колькасна большыя групы.
Па словах Міхальскай, пасля ўзвядзення плота на мяжы колькасць незаконных спробаў міграцыі з Беларусі ў Польшчу скарацілася — з 800 да 80 за суткі. Такім чынам, Польшча лічыць, што ўсталяванне плота апраўдала сябе.
Плот пяціметровай вышыні Польшча ўзвяла, каб спыніць масавы наплыў нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.