Поўны тэкст заключэнняў Савета Еўрасаюза па Беларусі, прынятых у Бруселі

Заключэнні Савета ЕС па Беларусі, прынятыя 16 сакавіка 2009 г. на сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі. Савет прыняў наступныя заключэнні:

"1. Савет вітае пэўныя пазітыўныя крокі, якія былі зробленыя Беларуссю пасля рашэння Савета ад кастрычніка 2008 г. па часовым прыпыненні абмежаванняў на паездкі для пэўных беларускіх чыноўнікаў. Савет таксама вітае актывізацыю дыялогу паміж ЕС і Беларуссю на высокім узроўні, уключна з двухбаковымі кантактамі, і інтэнсіфікацыю тэхнічнага супрацоўніцтва, ініцыяваныя Еўракамісіяй і лічыць, што гэта шлях будавання ўзаемаразумення і магчымасць звярнуць увагу на канкрэтныя занепакоенасці бакоў і знайсці пытанні агульнага інтарэсу. Савет таксама вітае і заклікае да працягу супрацоўніцтва Беларусі з БДІПЧ/АБСЕ па выбарным заканадаўстве.

2. Аднак, Савет застаецца занепакоеным сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і нядаўнімі выпадкамі парушэнняў e гэтай вобласці. Савет падкрэслівае важнасць таго, каб Беларусь адказала на гэтую занепакоенасць і працягвала ісці наперад, шляхам прагрэсіўных паступовых крокаў, па сферах, якія былі пазначаныя ў Рашэннях Савету ад 13 кастрычніка 2008 г. У гэтым кантэксце Савет зацікаўлены ў тым, каб у бліжэйшай будучыні распачаць з Беларуссю Дыялог Па Правах Чалавека.

3. Каб натхніць беларускі бок на прыняццё і выкананне далейшых канкрэтных мераў па дэмакратызацыі і павазе да правоў і асноўных свабод чалавека Савет - хаця і вырашыў працягнуць на адзін год абмежавальныя меры, зазначаныя ў агульнай пазіцыі
2006/276/CFSP і працягнутыя Агульнай Пазіцыяй 2008/844/CFSP - вырашаў захаваць прыпыненне візавых абмежаванняў для пэўных беларускіх чыноўнікаў згодна з умовамі ад кастрычніка 2008 г. - на перыяд у 9 месяцаў. У канцы перыяду ў 9 месяцаў Савет правядзе глыбінны аналіз абмежавальных мераў, беручы пад увагу сітуацыю ў Беларусі і  - у выпадку, калі будуць новыя пазітыўныя вынікі - будзе гатовы разглядзець магчымасць зняць гэтыя абмежавальныя меры.

Савет можа ў любы момант, калі будзе неабходна, узнавіць візавыя абмежаванні - калі гэтага будуць вымагаць дзеянні беларускіх уладаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека.

4. Еўрапейскі Саюз па-ранейшаму гатовы паглыбляць свае стасункі з Беларуссю ў залежнасці ад прагрэсу, які Беларусь будзе рабіць на шляху да дэмакратыі, правоў чалавека і верхавенства закону, і гатовы дапамагчы Беларусі дасягнуць гэтых мэтаў. Еўрапейскі Саюз падкрэслівае важнасць усіх прынцыпаў і забавязальніцтваў, якія Беларусь прыняла на сябе ў межах АБСЕ. Еўрапейскі Саюз інтэнсіфікуе сваё супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю, каб падтрымаць развіццё дэмакратычнага і плюралістычнага асяроддзя".

Арыгінал дакумента можна паглядзець тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі