Пра Піратаў Карыбскага мора здымуць яшчэ тры серыі

Чацвёртая частка фільма Піраты Карыбскага мора пакладзе пачатак новай трылогіі, у якой капітан Джэк Верабей будзе шукаць Фантан вечнай маладосці. Шукаць Фантан вечнай маладосці герой Джоні Дэпа будзе са сваім братам, якога можа сыграць брытанскі комік Саша Барон Коэн, паведамляе Cinemablend са спасылкай на ананімныя крыніцы.

Рэжысёрам чацвёртага фільма пра піратаў студыі Disney можа выступіць Цім Бертан, аўтар стужак "Эдвард Рукі-Нажніцы", "Сонная лагчына" і "Марс атакуе".

Па дадзеных крыніцы, у новай карціне таксама могуць з'явіцца Джэфры Раш і Расэл Брэнд. Аднак не будуць задзейнічаныя ўдзельнікі ранейшай трылогіі - Кіра Найтлі і Арланда Блум, паведамляе The Sun.

Сцэнарыстам новай казачнай працы выступіць Лінда Вулвертан, вядомая сваёй працай над мультфільмам студыі Disney "Кароль-леў".

Нагадаем, капітана Джэка Вераб'я ізноў сыграе Джоні Дэп, якому абяцаны рэкордны ганарар - $56,5 млн.

Варта адзначыць, што цяпер Цім Бертан працуе над 3D-карцінай "Аліса ў Краіне цудаў", пастаўленай па кнізе Люіса Кэрала. На ролю вар'ята Капялюшніка зацверджаны Джоні Дэп. Па словах Бертана, пасля фільма "Чарлі і шакаладная фабрыка" акцёр цалкам гатовы да ролі, якая прадугледжвае сталае нашэнне галаўных убораў.

У найбліжэйшых планах Дэпа таксама галоўная роля ў фільме Тэры Гіліама "Чалавек, які забіў Дон Кіхота" па матывах рамана Сервантэса і роля індзейца Танта ў экранізацыі коміксу "Самотны рэйнджар".

Фота: www.sergei-kolomoec.narod.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі