Працаваць на беларускай АЭС будуць "троечнікі"

Новыя спецыяльнасці, звязаныя з будаўніцтвам і абслугоўваннем АЭС, амаль не маюць конкурса. Абітурыенты выбіраюць стаматалогію, міжнародныя адносіны і кіраванне  Нягледзячы на льготы пры паступленні, сельскіх абітурыентаў на самых прэстыжных спецыяльнасцях адзінкі.  А ў Беларускі дзяржаўны агратэхнічны універсітэт і ўвогуле сельскіх выпускнікоў сёлета прыйшло заўважна меней, чым заўсёды.

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце самы папулярны факультэт, па-ранейшаму, стаматалагічны. І нават абітурыенты, якія ідуць па мэтавым наборы, там змагаюцца за месцы.

Прыёмная камісія БДМУ: “На стаматалагічны факультэт прахадны бал – 360. У нас дастаткова высокія ўсе падавалі балы на стаматалагічны факультэт. Пакуль што мы не рабілі дакладнай “разбалоўкі”, афіцыйныя дадзеныя ў нас пакуль толькі па дзесятках. На стаматалагічны факультэт у нас было 12 чалавек без іспытаў (па выніках рэспубліканскіх алімпіяд), адзін ці два чалавекі ў вобласці 391-400 балаў”.

Дарэчы, сельскіх абітурыентаў на стаматалагічным факультэце ўсяго 8 чалавек са 153. Калі палічыць, то на кожнага сельскага абітурыента – 19 гарадскіх. Гэтая прапорцыя істотная для паступлення.

Прыёмная камісія БДМУ:
“У нас суадносіны паміж сельскімі і гарадскімі студэнтамі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад колькасці прынятых ад абітурыентаў дакументаў. Які працэнт сельскіх абітурыентаў да гарадскіх падасць нам дакументы, у той жа прапорцыі мы і выдзялім месцы”.

Гэта азначае, што на стаматалагічны факультэт паступяць толькі 2-3 сельскія абітурыенты, бо бюджэтных месцаў там 50. У прыёмнай камісіі гэта падцвердзілі, дадаўшы, што на іншых факультэтах сітуацыя адрозніваецца.

Прыёмная камісія БДМУ: “Звычайна гарадскіх нашмат болей. Вось на лячэбным факультэце, калі па агульным конкурсе, іх недзе 2:1. А вось на стаматалагічным факультэце вельмі мала сельскіх, усяго некалькі чалавек”.

Дарэчы, у стаматолагаў вялікі конкурс нават сярод абітурыентаў, якія ідуць па мэтавым наборы. На 10 запланаваных месцаў падалі дакументы 25 “мэтавікоў”.

Такі ж шалёны і традыцыйны конкурс і ў БДУ на міжнародных адносінах, на аднайменнай спецыяльнасці. Там прахадны бал не апусціцца ніжэй за 340. Самыя ніжэйшыя балы з пададзеных туды сертыфікатаў – 191-200, але гэтыя абітурыенты наўрад ці змогуць разлічваць нават на платнае навучанне. З сельскіх абітурыентаў міжнародным адносінам у БДУ будуць вучыцца, хутчэй за ўсё, толькі два чалавекі.

Другі надзвычай прэстыжны факультэт БДУ – факультэт прыкладной матэматыкі. Без іспытаў туды паступаюць ажно 50 чалавек, 1 ідзе па-за конкурсам. Застаецца 134 месцы, і не ўсе абітурыенты з сумай балаў ад 331 да 340 трапяць туды. Што тычыцца сельскіх выпускнікоў, то і там іх адзінкі.

Самы папулярны факультэт Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага універсітэта – прадпрымальніцтва і кіраванне. Летась конкурс там быў 6,77 чалавек на месца. Ігар Крук, дэкан факультэта механізацыі, які ўваходзіць у прыёмную камісію БДАТУ, кажа, што такі конкурс паўсюль на эканамічныя спецыяльнасці.

Ігар Крук: “Гэта звязана з тым, што мала бюджэтных месцаў выдзяляецца на прафесію эканаміста. А другое, гэтыя абітурыенты здавалі матэматыку, замежную мову, то бок ужо дакладна абралі гэтую прафесію”.

Ігар Крук таксама зазначыў, што сёлета ў агратэхнічны універсітэт прыйшло менш сельскіх выпускнікоў, чым раней.

Ігар Крук: “Чамусьці ў гэтым годзе прышло да нас больш гарадскіх, так”.

У сувязі з тым, што ў Беларусі будзе будавацца АЭС, Еўрарадыё палічыла лагічным даведацца пра конкурс на спецыяльнасці “Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый” і “Паратурбінныя ўстаноўкі АЭС” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта. Як ні дзіўна, ажыятажу там мы не пабачылі, прахадны бал на першую спецыяльнасць каля 221. На другую не паступяць толькі 2 самыя слабыя абітурыенты, у якіх менш за 200 балаў.

Што тычыцца ўпраўленчых спецыяльнасцяў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, то там самыя “зорныя” сертыфікаты абітурыенты падалі на спецыяльнасць “Дзяржаўнае рэгуляванне нацыянальнай эканомікі”. Там ажно 9 абітурыентаў з больш за 340 баламі, і ніжэй за 311 балаў прахадны бал не апусціцца. Дарэчы, і сельскіх абітурыентаў там багата.

фота — www.kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі