Прадпрымальнікі з “Экспабела”: Не сказалі б, што Лукашэнка нас пачуў

Уражанні прадпрымальнікаў ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і яе вынікаў можна паслухаць:

На сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі мяне так і не пусцілі. Ні як журналісту праз цэнтральны ўваход у "Экспабел" прайсці не ўдалося, ні як звычайнаму пакупніку праз уваход бакавы. Хоць праз яго людзей па пакупкі і пускалі. У першым выпадку адмовілі, таму што “вас у спісе акрэдытаваных няма — тут праходзяць толькі па спісе”, у другім — бо “ў вас жа з сабой прафесійная тэхніка! Пакіньце яе ў машыне і ідзіце з торбачкай па буціках!"

Абодва разы для разборак са мной выклікалі начальніка аховы кіраўніка краіны. І абодва разы размова завяршалася словамі: “Дзякуй за разуменне”. Праўда, начальнік той для нечага засняў маё журналісцкае пасведчанне на мабільны.

Увогуле ж гэтым разам кіраўнік краіны прыехаў на выязное мерапрыемства без асаблівай помпы: лімузін і два джыпы з аховай. Дарогі не перакрывалі, паркоўка працавала, маршруткі падвозілі пакупнікоў, а іх саміх, пасля невялікага дагляду з металашукальнікам, прапускалі ў гандлёвы цэнтр.

Гандлявалі і на рынку побач з “Экспабелам”. Хоць адчынілася сёння добра калі палова вулічных “кропак”.

“Не захацелі людзі выходзіць — сэнсу? — дзеліцца са мной адзін з гандляроў. — Дзень такі не гандлёвы, а тут яшчэ і гэта… Паглядзі сам: з раніцы паўтара чалавека па рынку хадзіла, думаў ужо зварочвацца, але надвор’е добрае, троху падцягнуліся, і цяпер ужо ходзіць па шэрагах два чалавекі”.

Людзей на рынку, зразумела, было не два чалавекі. Але з іх пакупнікоў, асабліва з самай раніцы, і сапраўды было няшмат. Затое шмат было хлопцаў з навушнікамі і рацыямі ў цывільным: і на самім рынку, і на паркоўцы. Гэта без уліку супрацоўнікаў ДАІ і…

“Я тут праз дарогу жыву. А палове восьмай раніцы абудзілі званком у дзверы, — распавядае сталага ўзросту мужчына сустрэтаму на рынку знаёмаму. — Кажуць: “Вокны твае глядзяць на “Бігз” — да іх не падыходзь!” Пад акном машына з 4 “гэбістамі”, ля кожнага пад’езда па адным стаіць”.

Пра прыезд у “Экспабел” Аляксандра Лукашэнкі ўсе, безумоўна, ведаюць. Кажуць, ніякай спецыяльнай размовы з прадпрымальнікамі ніхто не праводзіў: “Якой размовы? Што казаць, што не? Дык ён жа сюды не пойдзе! Там з “элітай пагаворыць і ўсё!” Размовы, так ці інакш звязаныя з прыездам Лукашэнкі, гучаць паўсюль: “Машыну з таварам не пусцілі! Не хачу заўтра разгрузкай-раскладкай займацца — давядзецца чакаць, пакуль з’едзе”, “Без праблем у краму прайшла — “абшманалі” хуценька і наперад!”, “Правільна ён усё кажа: “Не хочаце працаваць так — скажыце, як хочаце”, а яны стаяць і маўчаць”, “Не падрыхтаваліся яны да сустрэчы”, “У нас усё адно пытацца ні пра што не будуць — зробяць як захочуць!”

Пасля ад’езду Лукашэнкі заходжу ў гандлёвы цэнтр. На другім паверсе, дзе прадпрымальнікі гандлююць вопраткай, працягваецца абмеркаванне сустрэчы. Падыходжу да групы з чатырох мужчын і жанчыны з пытаннем, ці задаволеныя яны сустрэчай і ці пачуў іх кіраўнік краіны.

“Нам, натуральна, прыемна, што ён да нас прыехаў, што цікавіцца, але не сказаў бы, што ён нас пачуў, — дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы адзін з прадпрымальнікаў. — Праблема ж так і застаецца нявырашанай”.

Еўрарадыё: Агучце яе. Што гэта за праблема, праз што яна ўзнікла?

— Праз тое, што нас хочуць легалізаваць і зраўняць маленькі шапік і гіпермаркет, каб мы працавалі на роўных умовах. А нас жа і так вельмі мала! Чаго на нас звяртаць столькі ўвагі і кожныя паўгода мяняць нам усе ўмовы працы? А што з тымі сертыфікатамі прыдумалі? Да прыкладу, я завёз 4 курткі і аддаў адну з іх на сертыфікацыю. Сертыфікат каштуе 500 долараў — за колькі мне тады астатнія курткі прадаваць, каб расходы акупіць?! Атрымаў я сертыфікат, але новую партыю тавару я па ім не прывязу — мне ізноў яго трэба рабіць і плаціць!

— Чаму нам расійскія аптавікі, у якіх мы бяром тавар, адмаўляюць у выдачы сертыфікатаў? Мы ж у адным эканамічным саюзе жывём, па адных законах і ў нас сертыфікаты патрабуюць, бо яны ў Расіі ёсць. Але там і самі пераважна без сертыфікатаў працуюць і нам іх не даюць. Дык калі ў нас аднолькавыя законы, хай наш закон патрабуе ад расіян, каб яны нам сертыфікаты выдавалі. А мы будзем іх тут прадстаўляць — мы ж па законе хочам працаваць і не набываць нейкія “ліпавыя” сертыфікаты на вуліцы!

Праўда, гэтыя свае аргументы мае суразмоўцы кіраўніку краіны так і не данеслі падчас сустрэчы. Чаму? Кажуць, што часу ў Лукашэнкі было няшмат, а ахвочых нешта сказаць — вялікая колькасць. Тыя ж, хто слова атрымаў, “казалі не зусім тое, што трэба”.

З сертыфікатамі прадпрымальнікам далі адтэрміноўку — да 1 студзеня 2016 года. Але яны кажуць, што гэта ім толькі “крыху адцягне канец” і дазволіць канчаткова пазбавіцца рэшткаў тавару. “У мяне было 6 кропак, а цяпер засталося 2 — з зачыненых рэшткі тавару прывёз на гэтыя дзве, а як усё распрадам, то і іх закрыю”, — кажа адзін з суразмоўцаў.

Еўрарадыё: І што далей?

“Паеду ў вёску, буду памідоры вырошчваць, — адказвае прадпрымальнік. — Я ўжо падлічыў: кіло памідораў — 3 долары. Пастаўлю вялікую цяпліцу і буду ў Расію памідоры прадаваць!”

Іпэшнікі кажуць, што найхутчэй закрыюцца нават раней, чым да 1 студзеня 2016 года. І прычына не толькі ў сертыфікатах: у вялікай арэндзе (“Самая высокая ў Еўропе!” — абураецца прадпрымальніца) і высокіх падатках. Дарэчы, пытанне высокай арэнднай платы падчас сустрэчы ўвогуле чамусьці не прагучала. У выніку мае суразмоўцы прызнаюцца, што вынікам сустрэчы яны незадаволеныя і будучыні для дробнага бізнесу не бачаць.

Іншае меркаванне ў гандляркі з адкрытага рынку ля “Экспабела”, што прадае мужчынскія майткі: “Не бачу я ніякіх праблем з тымі сертыфікатамі! Не, я разумею, што ёсць розныя групы тавараў, але… Проста трэба шукаць іншых пастаўшчыкоў, якія будуць даваць гэты дакумент. А для гэтага трэба ехаць у Расію, шукаць, дамаўляцца. Гэта, зразумела, затраты і выжыве мацнейшы. Будзе барацьба за выжыванне — гэта так”.

У адрозненне ад папярэдніх суразмоўцаў, крыж на сваім бізнесе жанчына ставіць не спяшаецца: плануе працаваць і пасля Новага года. З сертыфікатамі. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі